Дэкрэт №3 прыпынены. Што далей?

09.03.2017, 20:13  |  Блог Віталя Рымашэўскага, Палітыка

Дэкрэт №3 прыпынены. Што далей?
На год прыпыненае дзеянне Дэкрэту №3!

Я віншую ўсіх з маленькім крокам да перамогі. Прыпыненне дзеяння дэкрэту на год выклікана толькі смеласцю людзей – тых, хто выходзіў на акцыі пратэсту, ставіў подпісы за адмену дэкрэту. І відавочна, паспяшаліся тыя 54 тыс. беларусаў, якія ўжо аплацілі гэты падатак.

Што рабіць тым, хто ўжо сплаціў падатак? Што рабіць сотням тысяч беларусаў, што атрымліваюць жабрацкі заробак, церпяць прыгнёт чыноўнікаў і сілавікоў? Бо пратэст супраць Дэкрэту быў толькі нагодай. На акцыі выходзяць людзі, большасць з якіх не падпадае пад яго дзеянне. Сёння Беларусь пратэстуе супраць жабрацтва, супраць улады, супраць сістэмы.

Дзеянне Дэкрэту прыпыненае, але ў краіне не памянялася нічога ў прынцыпе.

Таму акцыi ў Мiнску i рэгiенах будуць працягвацца да поўнай адмены Дэкрэту № 3 i iншых дыскрымiнацыйных законаў (скасавання прыніжальнай для беларусаў кантрактнай сістэмы, вяртання беларусам права на годную пенсію).

Мы будзем яднаць дэмакратычная сілы, будзем яднаць грамадства дзеля змены сістэмы на дэмакратычную, а значыць – народную.

Сёння адбылося пасяджэнне аргкамітэту кампаніі “Мы – недармаеды”. Па-ранейшаму плануецца правядзенне акцыі 15 сакавіка ў Менску і ўсе запланаваныя акцыі ў рэгіёнах. Гэта маленькая перамога са спыненнем дзеяння дэкрэту сведчыць, што ў нас ёсць толькі адзін інструмент, каб адстойваць свае правы, - гэта яднанне і супольнае змаганне грамадзян за свае правы, выкарыстоўваючы дэманстрацыі і ціск на ўладу. Я веру, я ведаю, што гэтая маленькая перамога – толькі пачатак вялікіх зменаў у Беларусі.

Мінск 15.03.2017 17:30 Акадэмія Навук. Будзем разам, сябры!

Прапаную да вашай увагі Праект Рэзалюцыі "Марша недармаедаў" (пройдзе ў Мінску 15 сакавіка 17:30, Акадэмія Навук.).

Кожны з вас можа ўнесці свае прапановы ў гэты дакумент. Да 15 сакавіка праўкі прымаюццца!

Змагацца трэба з беспрацоўем, а не з беспрацоўнымі!


Прымаючы пад увагу, што Дэкрэт №3 не адпавядае дзевяці артыкулам Канстытуцыі і міжнародным абавязкам Беларусі ў МАП;

адзначаючы, што эканамічная і сацыяльная палітыка ўладаў завяла краіну ў тупік, вынікам чаго стала збядненне большасці грамадзян Беларусі, адсутнасць перспектывы, узмацненне эміграцыі;

канстатуючы, што ўлада з'яўляецца бескантрольнай і грамадзяне ніяк не ўплываюць на рашэнні, што прымаюцца.

Мы, удзельнікі "Маршу недармаедаў", патрабуем:

1. Адмяніць Дэкрэт N3, вярнуць спагнаны збор.

2. Прыняць новы эканамічны курс, арыентаваны на стварэнне новых, эфектыўных працоўных месцаў, а не на барацьбу з беспрацоўнымі. Ліквідаваць заганы пенсійнай "рэформы", адмяніць кантрактную сістэму, адмяніць указ 222, які перашкаджае развіццю прадпрымальніцтва.

3. Унесці змены ў Выбарчы Кодэкс, якія вернуць грамадзянам права выбару!

Мы ўпаўнаважваем дэлегацыю удзельнікаў Маршаў перадаць 16 сакавіка дадзеную рэзалюцыю ў адміністрацыю А. Лукашэнкі, ва ўрад і ў Палату Прадстаўнікоў.

Калі ўлады адмовяцца ад выканання дадзеных патрабаванняў, мы пакідаем за сабой права на новыя акцыі пратэсту, на якіх будзе агучана патрабаванне аб адстаўцы А. Лукашэнкі, ураду і роспуску Палаты Прадстаўнікоў.

P.S. Акцыю 15 сакавіка таксама падтрымалі лідары БНК Генадзь Фядыніч і Уладзімір Някляеў. Разам з БНК будзем рыхтаваць супольную акцыю 25 сакавіка. У еднасці нашая сіла!

Навіны па тэме