Міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру Тацяны Севярынец

15.03.2017, 16:14  |  Навіны » Палітыка

Міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру Тацяны Севярынец
Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД у Віцебску Тацяна Севярынец паведаміла, што да яе ў кватэру спрабуюць трапіць міліцыянты зь Першамайскага РАУС — нібыта з тым, каб перадаць нейкую позву. Пра гэта расказалі відавочцы, сама спадарыня Тацяна цяпер ня дома.

Паводле Тацяны Севярынец, пошукі віцебскіх актывістаў могуць быць зьвязаныя з акцыяй, анансаванай раней у інтэрнэце:

«У Віцебску а 16-й гадзіне плянаваўся „Марш недармаедаў“ — так было напісана на некаторых сайтах. Магчыма, у пэўных структур ёсьць жаданьне, каб мы ня трапілі на чарговы „Марш недармаедаў“. Я, дарэчы, прапанавала іншы фармат дзейнасьці ў гэтым кірунку: каб на 15 сакавіка запісацца на прыём да кіраўніцтва вобласьці, занесьці подпісы супраць дэкрэту № 3. Можна было сабраць групу актывістаў і на прыём пайсьці разам. Але гэтую ідэю не падтрымалі. Ніякіх аб’яваў для жыхароў гораду пра тое, што недзе плянуецца акцыя, я таксама ня бачыла».

«Марш недармаедаў» 15 сакавіка быў анансаваны на пачатку сакавіка новастворанай «Радай дэмакратычных арганізацый і неабыякавых грамадзян Віцебску». Ён меўся стаць першай акцыяй, якую падрыхтуе гэтая структура.

Радыё Свабода

Навіны па тэме