Бабруйскія актывісты ніяк не могуць атрымаць адказ прэзідэнта на іх зварот па касцёле

07.06.2017, 16:04  |  Навіны » Грамадства

Бабруйскія актывісты ніяк не могуць атрымаць адказ прэзідэнта на іх зварот па касцёле

 

6 чэрвеня ў Бабруйску адбылася чарговая сустрэча сяброў ініцыятывы "Аднаўленне бабруйскага касцёла", на якой быў разгледжаны адказ на калектыўны зварот грамадзян за подпісам намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэя Кунцэвіча.

У красавіку бабруйчане дзеля вяртання касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, фасад якога быў забудаваны ў 1960-я гады, гістарычнага выгляду звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дапамагчы з поўным вяртаннем будынка каталікам. Але адказ яны атрымалі з Магілёўскага аблвыканкама.

У звароце адзначалася, што не атрымалася знайсці дакументы, якія б дазвалялі забудову касцёла пяціпавярхоўкай і прымалі будынак у эксплуатацыю. У аблвыканкаме ж заявілі, што дакументы ёсць, але, паводле іх, гэтая прыбудова – інтэрнат Будтрэста на 197 чалавек. Разам з тым незразумела, як з інтэрнату прыбудова стала адміністрацыйным будынкам домабудаўнічага камбіната.

У адказе з Магілёва таксама гаворыцца, што Бабруйскі гарвыканкам дадаткова вывучае пытанне аб правамоцнасці змены мэтавага прызначэння аб'екта з інтэрната на адміністрацыйны будынак.

"Адказ ад прэзідэнта яшчэ не атрымалі. Вырашылі дачакацца і потым скарэктаваць далейшы план. Працягваем распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў”, - адзначыла каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Бабруйску і Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук.

Навіны па тэме