Праграма БХД. Аб’яднаная адміністрацыя мясцовых самакіраванняў і паветаў

15 чэрвеня 2017 10:02  |  Палітыка

 

Праграма БХД. Аб’яднаная адміністрацыя мясцовых самакіраванняў і паветаў

 

5.5.1. На муніцыпальным/валасным, як і на павятовым, узроўнях БХД бачыць неабходным стварэнне адміністрацыі, якая складаецца з кіраўнікоў служб, інспекцыяў і органаў правапарадку і персаналу гэтых служб, якія разам складаюць аб’яднаную адміністрацыю муніцыпалітэтаў/валасцей і паветаў. Паняцце адміністрацыя ў дадзеным выпадку азначае не асобную структуру прамежкавага ўзроўню, а прынцып надзялення і размеркавання паўнамоцтваў паміж паветамі і муніцыпалітэтамі/валасцямі.

5.5.2. Праз асобных кіраўнікоў муніцыпальных/валасных або павятовых служб (кіраўнік паліцыі, кіраўнік пажарнай службы, санітарны інспектар, ветэрынарны інспектар, інспектар па будаўніцтву, інспектар па экалогіі) ажыццяўляецца ўрадавае кіраванне.

5.5.3. Агульныя задачы ўсіх служб рэгулююць на павятовым узроўні – Павятовы Стараста, на узроўні мясцовага самакіравання – Бургамістр або Валасны Стараста. Кіраўнікі адмысловых служб падпарадкоўваюцца на ўзроўні павета – Павятоваму Старасце, на ўзроўні мясцовага самакіравання – Бургамістру або Валасному старасце, а па службовай дзейнасці – адпаведным структурам павятовай і ўрадавай адміністрацыі. Размеркаванне функцыяў гэтых служб паміж павятовым і муніцыпальным/валасным узроўнем залежыць ад памера і колькасці жыхароў муніцыпальнай/валасной адзінкі.

5.5.4. Кіраўнікі спецыяльных служб на ўзроўні мясцовых самакіраванняў прызначаюцца Валасным Старастам або Бургамістрам па ўзгадненню з павятовай або ўрадавай службай ці прызначаюцца вышэйстаячымі органамі па ўзгадненню з Валасным Старастам або Бургамістрам. Кіраўнікі спецыяльных служб на ўзроўні паветаў прызначаюцца Павятовым Старастам па ўзгадненню з урадавай службай ці прызначаюцца вышэйстаячымі органамі па ўзгадненню з Павятовым Старастам.

5.6. У сферы самакіравання БХД выступае за:

5.6.1. – пашырэнне кампетэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады ў адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці, што дазволіць ім выконваць больш эфектыўна лакальныя задачы;

5.6.2. – падпарадкаванне выканаўчых органаў рэгіянальнага і муніцыпальнага ўзроўню прадстаўнічым органам улады;

5.6.3. – скасаванне іерархічнай падпарадкаванасці органаў самакіравання і кіравання;

5.6.4. – выразнае размеркаванне функцыяў паміж мясцовымі, рэгіянальнымі і нацыянальнымі органамі ўлады, што зменшыць адміністрацыйныя і фінансавыя выдаткі;

5.6.5. – упарадкаванне заканадаўчай базы дэлегаваных урадам паўнамоцтваў мясцовым і рэгіянальным органам улады;

5.6.6. – удасканаленне сістэмы дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання і кіравання, што палепшыць якасць паслуг, якія яны прадастаўляюць жыхарам сваіх тэрыторыяў;

5.6.7. – скарачэнне выдаткаў на ўтрыманне дзяржаўнага апарата і мясцовых адміністрацыяў;

5.6.8. – абранне кіраўніцтва выканаўчых органаў на мясцовым і рэгіянальным узроўнях насельніцтвам, што павялічвае адказнасць і эфектыўнасць кіравання;

5.6.9. – змяншэнне ўзроўню карупцыі дзякуючы дэцэнтралізацыі, падсправаздачнасці рэгіянальных і муніцыпальных органаў улады мясцоваму насельніцтву, атрыманне імі максімальнай колькасці юрыдычных і фінансавых паўнамоцтваў.

5.6.10. – паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва мясцовых і рэгіянальных улад у межах агульнаеўрапейскіх асацыяцыяў мясцовых улад, што дазволіць палепшыць інвестыцыйныя, знешнеэканамічныя магчымасці рэгіёнаў і самакіраванняў;

5.6.11. – інтэнсіфікацыю памежнага супрацоўніцтва ў межах еўрарэгіёнаў, што дазволіць павялічыць эканамічны патэнцыял перыферыйных тэрыторыяў.

5.7. Фінансава-эканамічная аснова самакіравання

5.7.1. Аснова эффектыўнасці мясцовага самакіравання – забяспечанасць сродкамі. БХД выступае за тое, каб падаткі, што збіраюцца на тэрыторыі пэўнай воласці/муніцыпалітэту размяркоўваліся на тры роўныя часткі: на фінансаванне воласці/муніцыпалітэту, на патрэбы павета і на нацыянальныя патрэбы.

5.7.2. Рэальная ўлада мясцовых і рэгіянальных органаў самакіравання і кіравання залежыць ад іх фінансавай самастойнасці і адказнасці. БХД лічыць неабходным павелічэнне фінансавай дэцэнтралізацыі і самастойнасці мясцовых і рэгіянальных бюджэтаў. Мясцовым і рэгіянальным ўладам павінна быць гарантавана большая ступень падатковай ўлады.

5.7.3. Камунальная гаспадарка, інфраструктура, маёмасць і фінансы выступаюць асновай мясцовай улады. Паветы і муніцыпалітэты/воласці з’яўляюцца інвестарам, вытворцам і спажыўцом шматлікіх відаў тавараў і паслуг. Камунальная гаспадарка і мясцовыя фінансы на лакальным і рэгіянальным узроўнях павінны самастойна забяспечваць мінімальна даступны комплекс публічных сацыяльна неабходных паслуг незалежнай якасці.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін