Пасля звароту актывістаў БХД у Шабанах у паліклініцы пашыраць дзіцячае аддзяленне

06 ліпеня 2017 18:00  |  Грамадства

Пасля звароту актывістаў БХД у Шабанах у паліклініцы пашыраць дзіцячае аддзяленне

 

У рамках кампаніі
хрысціянскіх дэмакратаў “За якасную медыцыну” было сабрана 370 подпісаў жыхароў
Шабаноў за будаўніцтва ў гэтым мікрараёне Менска дзіцячай паліклінікі, якая
планавалася тут яшчэ з 1990-х гадоў, але дагэтуль так і не пабудаваная.

Подпісы былі
накіраваныя ў камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкаму і ў 36 паліклініку ў
Шабанах, у якой ёсць толькі педыятрычнае аддзяленне і дзіцячы стаматолаг.

5 ліпеня ў
паліклініцы адбылася сустрэча з грамадзянамі, на якую 4 ліпеня быў запрошаны і
заяўнік калектыўнага звароту, сябар БХД Аляксандр Кавалькоў. Таксама актывісты
кампаніі абтэлефанавалі падпісантаў звароту і развесілі абвесткі, каб жыхары
Шабаноў змаглі таксама ўзяць удзел у сустрэчы. У выніку ў ёй удзельнічала больш
за 20 чалавек, а таксама кіраўніцтва паліклінікі.

На сустрэчы была
абмеркаваная неабходнасць дзіцячай паліклінікі ў мікрараёне, але кіраўніцтва паліклінікі
і асабіста галоўны ўрач Наталля Мысліўчык выказалася, што ў Шабанах
недастаткова дзяцей, каб будаваць паліклініку. І гэта пры тым, што паліклініка
патрэбная і для жыхароў суседніх з Шабанамі мікрараёнаў.

Разам з тым у
выніку было вырашана на базе 36-й паліклінікі пашырыць дзіцячае аддзяленне на
цэлы паверх. Таксама ў 2018 годзе будзе запрошана з бюджэту Менска выдаткаваць
сродкі на пераабсталяванне паліклінікі пад гэта аддзяленне. Апроч таго, было
абмеркавана тое, што на месцы, дзе генплан прадугледжвае будаўніцтва дзіцячай
паліклінікі, зараз будуецца басейн, на які грошы ў адрозненні ад паліклінікі
знайшліся.

“Многія людзі
выказваліся, што паліклініку трэба будаваць. Але хаця б такая маленькая
перамога ёсць. Мы будзем кантраляваць абяцанні, накіруем ліст у Менгарсавет,
каб пытанне вылучэння сродкаў не засталося без увагі, а таксама паспрабуем
сустрэцца з кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёну, каб акцэнтаваць увагу на
вялікай патрэбе ў дзіцячых лекарах”, – адзначыла кіраўнік БХД у Менску, лідар
Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова.

Болей навін