БХД у беларускім руху

17.07.2017, 10:06  |  Навіны » Палітыка

БХД у беларускім руху

 

У другой палове 1920-1930-х гадах менавіта Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя сталася асновай беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. "Левыя”, сацыялістычныя арганізацыі, якія вялі рэй у беларускім палітычным працэсе напачатку - альбо падпалі пад савецкі ўплыў, альбо былі расцярушаныя польскай рэакцыяй, альбо страцілі народную падтрымку. "Правыя” (паланафілы, потым нацыянал-сацыялісты) – ці пайшлі на ўгоду з "правым” польскім урадам, ці выбралі арыентырам фашыстоўскую Нямеччыну. У выніку БХД апынулася адзінай палітычнай сілай, якая не ішла на альянс ані з "санацыяй”, ані з камуністамі, ані з нацыстамі, і абапіралася выключна на беларускі народ.

Партыю крытыкавалі і злева, і справа, пераследвалі штрафамі ды канфіскацыямі, арыштамі, забаронамі ўлады, у тым ліку касцёльныя – але БХД упарта трымалася свайго, і ў пачатку 1930-х гадоў гэта пачало даваць плён. Беларуская інтэлігенцыя, шырокае сялянства, фабрычныя работнікі, студэнцтва пачалі ўлівацца ў БХД. Галоўныя каардынацыйныя структуры беларускага руху прынялі вядучую ролю хадэцыі, а ўчорашнія ворагі – сацыялісты, камуністы, прапольскія "ўгадоўцы” – пачалі спярша шукаць альянсу з БХД, а потым атакаваць хадэкаў як найпершых супраціўнікаў.

Найвялікшай пагрозай для беларускага руху была пракамуністычная лявіца – Грамада і КПЗБ. Пакідаючы ўбаку беларускія нацыянальныя інтарэсы і дбаючы найперш пра сацыяльную рэвалюцыю ў духу марксізму, "левыя” прапагандавалі БССР як мадэль сапраўднай беларускай дзяржавы і вялі барацьбу з палякамі шырокім фронтам: ад прапаганды да тэрору.

У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч з групай паслоў заклаў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, якая, атрымаўшы савецкія фінансы (на "сусветную рэвалюцыю”, вядома) разгарнула масавую агітацыю сялянства за бальшавіцкую мадэль. Да Грамады далучаліся дзясяткі тысячаў беларусаў, і пагроза камуністычнага паўстання прымусіла перапалоханыя польскія ўлады Грамаду разграміць: сотні актывістаў ды агітатараў былі арыштаваныя ды кінутыя за краты.

Тагачасныя польскія улады, у сваю чаргу, імкнуліся кантраляваць беларускі рух праз "угадоўцаў”(ад слова "угода”, дамова). Беларусы-"ўгадоўцы”, не маючы трывалай ідэйнай платформы, перад кожнымі выбарамі ў польскі Сейм стваралі "агульнабеларускія” структуры (Сялянская партыя, Цэнтрасаюз ды інш.), выбарчыя спісы, выдавалі беларускамоўныя газеты. Пазіцыя БХД у дачыненні да такіх падтрыманых тагачасным урадам праектаў была прынцыповай: інтарэсы народу не здаваць, антыбеларускай палітыкі не падтрымліваць. Урэшце, у сярэдзіне 1930-х "угадоўскі” лагер разваліўся.

БХД дала беларускаму руху 1920-1930-х гадоў трывалую апору сярод варожых сілаў, пераемнасць традыцыяў БНР, беларусізацыю Касцёла ды часткі праваслаўнай Царквы, плынь беларускамоўнай прэсы, паўтары сотні выдадзеных кнігаў, падручнікаў ды брашураў па-беларуску, арганізаваныя бібліятэкі, школы і гаспадарчыя гурткі, а таксама цэлае сузор’е яркіх асобаў.

Феномен БХД 1920-1930-х – эфектыўная мадэль развіцця і пашырэння нацыянальнага руху ў цяжкіх гістарычных варунках, надзённая і сёння.

 

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

Навіны па тэме