Хрысціянска-дэмакратычная ідэя ў Беларускім Народным Фронце

17.08.2017, 11:11  |  Навіны » Грамадства

Хрысціянска-дэмакратычная ідэя ў Беларускім Народным Фронце

 

Напрыканцы ХХ стагоддзя, на 70-ым годзе свайго існавання (відавочныя паралелі з біблейскай гісторыяй і вавілонскім палонам) Савецкі Саюз заканамерна пагрузіўся ў крызіс. Перабудова 1985-89 гадоў узламала закасцянелую савецкую дыктатуру знутры. Дэмакратызацыя і галоснасць разам з эканамічным крызісам адчынілі брамы для некамуністычных сілаў – і прывялі да стварэння адзінага фронту антысавецкіх ліберальных, кансерватыўных, сацыял-дэмакратычных і хрысціянска-дэмакратычных рухаў.

 

Заснавальнік і лідэр БНФ, Зянон Пазняк быў унукам аднаго з кіраўнікоў БХД і старшыні БНА – Яна Пазняка, знішчанага камуністамі ў 1940-ым годзе. У гэтым – глыбокі сімвалізм і пераемнасць пакаленняў беларускага руху. Менавіта Зянон Пазняк як вернік сфармуляваў галоўны імператыў нацыянальнага Адраджэння на развалінах савецкай сістэмы, у галодныя 1990-я: "Не кілбасы мусім шукаць, а Бога”. Аўтар глыбокіх аналітычных артыкулаў, вершаў і фотаальбомаў з выразным хрысціянскім кодам, Зянон Пазняк з поўным правам можа лічыцца адной з ключавых асобаў у справе аднаўлення хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі.

Сярод сябраў тадышняга шырокага БНФ мы заўважаем і іншых будучых дзеячаў хрысціянскай дэмакратыі – Міхася Арэшкава, Эрнста Сабілу, Мікалая Крукоўскага, Генадзя Грушавога, Юрыя Хадыку ды іншых.

"Усё тады круцілася вакол БНФ” – узгадвае адзін з аднаўляльнікаў БХДЗ праваслаўны актывіст Міхась Арэшкаў, - "І пазнаёміліся мы з будучымі хрысціянскімі дэмакратамі якраз на фронтаўскіх сходах”.

Цесна звязанай з Народным фронтам была і Беларуская Каталіцкая Грамада – грамадская арганізацыя, створаная вернікамі дзеля "вяртання беларускага Касцёлу да нацыянальных вытокаў”. Устаноўчы сход БКГ прайшоў 16 чэрвеня 1990 года – і ў яе працы бралі ўдзел Сяржук Абламейка, Данута Бічэль, Мікола Купава, Яўген Шунейка, Фелікс Янушкевіч, Алесь Бяляцкі ды іншыя вядомыя дзеячы інтэлігенцыі. Грамада перавыдала кнігу ксяндза Адама Станкевіча "Родная мова ў святынях”, зборнік вершаў Андрэя Зязюлі (ксяндза Аляксандра Астрамовіча), а таксама дамагалася беларусізацыі касцельнага жыцця.

Сэрцам БКГ была супольнасць менскага касцёла святога Роха ("касцёл на Залатой горцы”): паводле Алеся Бяляцкага, увесь Касцёл глядзеў на яскравы маладзёвы, творчы рух і чакаў, што з гэтага атрымаецца. Людзі масава пайшлі ў супольнасць – і быў адчынены шлях да беларусізацыі іншых парафіяў.

У 1992 годзе, паводле сведчанняў старэйшых фронтаўцаў, БНФ мог ператварыцца ў хрысціянска-дэмакратычную партыю: тады і Зянон Пазняк, і ягоны антаганіст прафесар Юрый Хадыка разам заклікалі выбраць хадэцыю як галоўнае рэчышча ідэалогіі Фронту. Але на праграмным З’ездзе 30 траўня 1993 года група прагматыкаў заблакавала гэты праект.

Але праз дзесяцігоддзе менавіта з нетраў БНФ ды ягонага маладзёвага крыла – Маладога Фронту – выйшлі тыя, хто напачатку ХХІ стагоддзя аднавіў саму Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

Навіны па тэме