Праграма БХД. Судова-прававая сістэма

22 жніўня 2017 10:21  |  Палітыка

Праграма БХД. Судова-прававая сістэма

 

8.1.1. Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным стварэнне ў Беларусі судова-прававой сістэмы, якая ў стане забяспечыць функцыянаванне прававой дзяржавы. Гэта прадугледжвае замацаванне самастойнасці і незалежнасці судовай улады як асноўнага гаранта правоў і свабод грамадзян. У беларускім заканадаўстве ў адпаведнасці з каштоўнасцямі хрысціянскай дэмакратыі павінны быць зацверджаны дэмакратычныя прынцыпы дзейнасці, арганізацыі і самаарганізацыі праваахоўных органаў, якія адпавядаюць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права.

8.1.2. Аднаўленчае правасуддзе. Замест карнага характару правасуддзя, уласцівага Царскай Расеі і Савецкаму Саюзу, БХД мае збудаваць у Беларусі сістэму аднаўленчага правасуддзя. Галоўнай мэтай дзяржавы мусіць стаць не пакаранне злачынцы, а аднаўленне справядлівасці і ладу – кампенсацыя ўрону, пакаянне зламысніка і прымірэнне бакоў. Галоўнай асобай у працэсе аднаўленчага правасуддзя мусіць стаць не злачынца, а пацярпелы (зараз – асоба бяспраўная і другасная).

8.1.3. Судова-прававая рэформа павінна прадугледжваць комплекс мер па заканадаўчаму забеспячэнню і арганізацыйнаму пераўтварэнню дзейнасці ўсёй сістэмы юстыцыі Беларусі, якую неабходна разумець як сукупнасць усіх праваахоўных органаў ад паліцыі да ўстаноў натарыята і судоў.

 

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін