74 гады таму быў забіты Адам Дасюкевіч

31.10.2017, 13:35  |  Навіны » Грамадства

74 гады таму быў забіты Адам Дасюкевіч

 

Адам Дасюкевіч – легенда Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Апошні рэдактар “Крыніцы”, ратаўнік Барыса Кіта ад смерці, абаронца беларусаў падчас вайны, бургамістр Паставаў, забіты акупантамі, чалавек надзвычай сціплы ў звычайным жыцці.

“Ціхі, працавіты патрыёт” – напісаў пра яго ў сваёй кнізе “Пад знакам Пагоні” сябра Рады БНР Язэп Малецкі.

Нарадзіўся Адам у вёсцы Копцевічы Ашмянскага павету (цяпер Смаргонскі раён) 5 чэрвеня 1911 года, калі многія будучыя лідэры БХД ужо былі высвечаныя на святарства – прычым ягонай матуляй была сястра Адама Станкевіча.

Адась рана застаўся без маці – яна загінула, калі бацька быў на Першай сусьветнай. Прытулілі яго з сястрычкай добрыя людзі.

У 1933 годзе скончыў Віленскую Беларускую Гімназію – гняздо беларускасці, дзе выкладалі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, а з 1937-39 гадах узначаліў Беларускі Студэнцкі Саюз.

У 1936 -38 гадах рэдагаваў газету БХД “Беларуская Крыніца”. Настаўнічаў у Варапаеве.

У 1940 годзе Адам пабраўся шлюбам з Лідзіяй Сікорай – дачкой знакамітага садавода Івана Сікоры, і ў 1941-ым, дзеля цяжкасці з працай, маладая сям’я выехала ў БССР, каб дапамагаць даглядаць знакаміты сікораў сад.

Напрыканцы 1941 года, калі немцы ўжо цалкам занялі Беларусь і наладжвалі цывільную адміністрацыю на месцах, на прапанову дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Камітэту Язэпа Малецкага і братоў Пецюкевічаў, менавіта агранома Адама Дасюкевіча прызначылі старшынём Пастаўскага павету і бурмістрам Паставаў.

Аднаго разу немцы рабілі ў Паставах экзекуцыю, і нейкі чын СС  прыйшоў да дырэктара настаўніцкай сэмінарыі Барыса Кіта, каб запатрабаваць у яго студэнтаў для прыборкі вуліцаў ад трупаў. Кіт адмовіўся. Немец прыгразіў расстрэлам. Кіт адмовіў зноў. Тады эсэсавец дастаў пісталет і стрэліў. У апошні момант Адам Дасюкевіч выбіў пісталет, і куля увайшла ў сцяну.

Так быў уратаваны будучы творца амерыканскага касмічнага цуду.

Але Дасюкевічу гэтага не прабачылі.

31 кастрычніка 1943 года, калі нацысты чарговы раз запатрабавалі здаць збожжа для вывазу ў Нямеччыну, Адам Дасюкевіч адказаў: людзі ўжо аддалі ўсё, што маглі. Зондэрфюрэр СС, прысланы забясьпечыць здачу і перавоз харчавання, застрэліў Дасюкевіча проста на вуліцы.

Пахаванне хрысціянскага дэмакрата Адама Дасюкевіча ператварылася ў маніфестацыю. Сотні й сотні людзей не пабаяліся прайсці працэсіяй па вуліцах Паставаў  - і пакінулі на могілках мноства вянкоў з бел-чырвона-белымі стужкамі.

Павел Севярынец

Навіны па тэме