Праграма БХД. Моладзевая палітыка і адукацыя

07.12.2017, 12:24  |  Навіны » Грамадства

Праграма БХД. Моладзевая палітыка і адукацыя

 

12.8.1. Моладзевая палітыка БХД зыходзіць з таго, што гэта ёсць жыццёва неабходная частка дзяржаўнай палітыкі ў цэлым. Яна павінна будавацца на хрысціянскіх маральных каштоўнасцях, і асноўным аб’ектам гэтай палітыкі павінна з’яўляцца традыцыйная сям’я. Моладзевая палітыка будуецца на прынцыпе субсідыярнасці і непарыўна звязана з палітыкай ў галіне адукацыі, а таксама ў іншых сферах, як напрыклад, у дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы, сацыяльнай сферы, ахове здароўя і іншых сферах. Адукацыйная палітыка мусіць быць накіравана на выхаванне грамадзяніна, свядомай, адказнай за сябе і сваю краіну асобы, арыентавана на сучасныя веды і самастойнае мысленне.

12.8.2. Апатыя большай часткі моладзі. Аўтарытарны рэжым робіць усё магчымае, каб моладзь не прымала актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Студэнты мусяць выбіраць паміж грамадска-палітычнай актыўнасцю і навучаннем/працай. Перспектыва прымусовага размеркавання, жабрацкай заработнай платы, нізкія перспектывы забяспечыць годнае існаванне новай маладой сям’і і дзяцей ствараюць атмасферу безнадзейнасці і апатыі. Але адна з самых галоўных прычын гэтаму – абмежаваныя магчымасці для рэалізацыі сваіх ідэяў і ініцыятывы. Гэта абумоўлівае тое, што большая частка моладзі не можа і не хоча ўдзельнічаць ў жыцці краіны.Адсюль узнікае жаданне моладзі рэалізоўваць свой патэнцыял у іншай краіне, бо любы нармальны чалавек жадае самарэалізацыі і дасягненняў. Таму шмат маладых людзей не бачаць перспектывы тут і хочуць з’ехаць ці надоўга, ці назаўжды. Такое жаданне прысутнічае ў вялізнай часткі маладых грамадзян Беларусі.

12.8.3. Шляхі развіцця моладзевай палітыкі ў Беларусі. Зыходзячы з Праграмы БХД і нашага ўяўлення пра грамадскія справы, мы бачым наступныя два галоўныя накірункі дзяржаўнай моладзевай палітыкі:

-Развіццё і падтрымка сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства.

-Развіццё і падтрымка эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай актыўнасці ў моладзевым асяроддзі.

12.8.4. Паўнавартаснае выхаванне шчаслівых дзяцей і падлеткаў магчыма ў нармальнай традыцыйнай сям’і. Дзяржава павінна заахвочваць маладых людзей ствараць трывалыя сем’і і мець дзяцей, заахвочваць сталых людзей захоўваць свае сем’і і павышаць іх дэмаграфічную перспектыўнасць. Грамадская вартасць сям’і значна большая, чым простая сума вартасцяў мужа, жонкі і дзяцей як асобных грамадзян. Таму менавіта сям’я з’яўляецца асноўным атрымальнікам дзяржаўнай падтрымкі для моладзі.

12.8.5. Дзяржаўная падтрымка мусіць быць карыснай для сям’і ў цэлым. Маладыя людзі карыстаюцца падтрымкай дзяржавы пераважна ў кантэксце сям’і, спачатку як дзеці і падлеткі ў сям’і бацькоў (да 18 гадоў), а затым як стваральнікі маладой сям’і (да 31 года), ці як ўдзельнікі ў выхаванні сірот.

12.8.6. Неабходна распрацаваць стратэгію развіцця дэмаграфічнага патэнцыялу ў Беларусі. Асобным кірункам у працэсе павышэння дэмаграфічнага патэнцялу з’яўляецца заахвочванне грамадзян удзельнічаць у выхаванні сірот. БХД лічыць, што выхаванне прыёмных дзяцей мусіць ажыццяўляцца перадусім у сем’ях і дамах сямейнага тыпу. БХД распрацуе адмысловую дзяржаўную праграму для выхавання сірот у сямейных інтэрнатах, а сем’і, якія бяруць на выхаванне прыёмнае дзіця, будуць карыстацца дзяржаўнай грашовай дапамогай у памеры, неабходным для выхавання дзіцяці.

12.8.7. Пры ажыццяўленні моладзевай палітыкі ўрад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты моладзевай палітыкі, але ў яе рэалізацыі галоўная роля належыць рэгіёнам і асабліва мясцоваму самакіраванню,а таксама грамадскім арганізацыям. Цэнтральны ўрад будзе вызначаць толькі агульную суму выдаткаў і яе размеркаванне паміж рэгіёнамі, а ўжо ў межах рэгіёнаў і муніцыпалітэтаў вызначаюцца прыярытэты з улікам лакальных асаблівасцяў. Таксама частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў рэгіёнах сярод неўрадавых арганізацыяў, якія працуюць з моладзю і маладымі сем’ямі.

 

З Праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Навіны па тэме