Вольга Кавалькова: «Мы скажам «Стоп!» фальсіфікацыям!»

19 снежня 2017 20:53  |  Палітыка

Вольга Кавалькова: «Мы скажам «Стоп!» фальсіфікацыям!»

 

Адзін з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» распавяла “Народнай Волі”, як падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў будзе працаваць грамадская ініцыятыва «Stop фальсіфікацыі».

– Наша кампанія аб’ядноўвае не толькі правацэнтрысцкую кааліцыю, але і іншыя палітычныя партыі, – кажа Вольга Кавалькова. – Асноўная задача ініцыятывы «Жанчыны супраць фальсіфікацый!» – наладзіць кантакт з членамі выбарчых камісій. Наша мэта – данесці да іх пажаданне не фальсіфікаваць вынікі выбараў, выконваць самыя высокія стандарты правядзення выбараў, аператыўна паведамляць і прадухіляць любыя парушэнні.

Гэта, напэўна, адзіная кампанія, якая ставіць перад сабой мэту камунікацыі напрамую з выбарчымі камісіямі. Мы працуем у акругах жанчын-кандыдатаў дэмакратычных арганізацый, аказваем ім усялякую падтрымку. У нас у кампаніі каля 25 жанчын-кандыдатаў, прычым не толькі з Мінска, але і з рэгіёнаў.

Нельга сказаць, што да нашай ініцыятывы выключна дружалюбнае стаўленне, што нас лічаць партнёрамі, але ў любым выпадку кампанія накіравана на тое, каб памяняць стаўленне да выбараў.

На жаль, члены камісій любыя выбары часцей за ўсё ўспрымаюць як працу, у якой ужо вызначана канчатковая мэта. І калі вырашана, што перамагчы павінен Пятроў, то ён і пераможа. Наша задача – зрабіць так, каб любыя выбары ў нашай краіне былі сумленнымі і справядлівымі.

Мы плануем падрыхтаваць ўлёткі і лісты на імя старшыняў участковых выбарчых камісій, у якіх будзем прасіць іх сумленна лічыць галасы выбаршчыкаў. Мы будзем звяртацца менавіта да старшыняў камісій, бо шэраговыя сябры могуць нават не заўсёды і ведаць пра фальсіфікацыі.

Паколькі ўчастковыя камісіі яшчэ не сфармаваны, а ў асноўным мы нацэлены на працу менавіта з імі, уся гэтая дзейнасць пачнецца пасля таго, як стане вядомы персанальны склад камісій.

 

Крынiца: Народная Воля, МАРЫНА КОКТЫШ

Болей навін