Праграма БХД. Асноўнай задачай у галіне адукацыі стане павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці

29.12.2017, 06:44  |  Навіны » Палітыка

Праграма БХД. Асноўнай задачай у галіне адукацыі стане павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці

 

12.11.11. Асноўнай задачай у галіне адукацыі стане павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці. Для нас важна пераадолець ізаляванасць беларускай адукацыі ад еўрапейскіх і сусветных працэсаў, неабходна далучыцца да Балонскага працэсу, ажыццявіць узаемнае прызнанне дыпломаў з развітымі краінамі свету. Трэба пазбавіць вышэйшую адукацыю ад застарэлых схем і падыходаў. Беларускія студэнты мусяць мець магчымасць праходзіць частку свайго навучання ў іншых установах Беларусі і за мяжой. Вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны карыстацца аўтаноміяй, то бок самастойна выбіраць свае органы кіравання і займацца падборам кадраў, ажыццяўляць навучальную, навуковую і гаспадарча-фінансавую дзейнасць, мець статут і г.д. У вышэйшых навучальных установах набходна існаванне студэнцкага самакіравання.

12.11.12. Для вышэйшай адукацыі і навукі мусіць быць уласцівая акадэмічная свабода. Як унутры, так і за межамі навучальнай установы або навукова-даследчай арганізацыі дапускаецца поўная свабода ставіць любыя пытанні і імкнуцца да ісціны, у тым ліку з нагоды супярэчлівых і непапулярных поглядаў, незалежна ад таго, кранае ці не каго-небудзь той ці іншы пункт гледжання.

12.11.13. БХД выступае за пашырэнне ў сферы вышэйшай адукацыі беларускай мовы. У гэтым працэсе мэтазгодна прытрымлівацца эканамічных стымулаў, а менавіта вярнуць практыку надбавак да заробку тых выкладчыкаў, якія чытаюць свае лекцыі па-беларуску. Але ў якасці пілотнага праекту беларусізацыі вышэйшай адукацыі БХД лічыць неабходным стварэнне Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У новым Нацыянальным універсітэце мэтазгодна ўсё выкладанне паступова перавесці на беларускую мову. Пры гэтым БХД выступае за захаванне магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі і на іншых мовах, напрыклад, на расейскай і ангельскай мовах.

12.11.14. Мы лічым, што ў Беларусі могуць існаваць навучальныя установы розных форм уласнасці, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Дзяржаўная пачатковая і сярэдняя адукацыя мусяць заставацца бясплатнымі, таксама бясплатнай мусіць быць часткова і вышэйшая адукацыя. Паколькі адукацыя з’яўляецца важнай умовай паспяховай прафесійнай рэалізацыі, то яна мусіць быць у роўнай ступені дасяжная як заможным грамадзянам, так і тым грамадзянам, якія не могуць сабе дазволіць аплочваць навучанне. Акрамя таго, што БХД выступае за наяўнасць бясплатнай вышэйшай адукацыі. Мы лічым неабходным стварыць адпаведныя ўмовы для існавання развітай сістэмы грантаў на навучанне і спецыяльных стыпендыяў для адораных і паспяховых студэнтаў. У гэтым працэсе пажаданы самы актыўны ўдзел прыватнага бізнэсу ў кантэксце яго сацыяльнай адказнасці.

12.11.15. Будзе адменена антыканстытуцыйнае абавязковае размеркаванне, якое парушае правы чалавека і з’яўляецца эканамічна неэфектыўным інстументам замацавання спецыялістаў на месцах. Для вырашэння кадравага пытання будуць дзейнічаць матэрыяльныя стымулы і выключныя сацыяльныя гарантыі.

12.11.16. БХД разглядае сістэму адукацыі праз прызму патрэбаў сям’і і неабходнасць павышэння патэнцыялу сям’і. Гэта з’яўляецца ўмовай як квітнеючай і бяспечнай краіны ў цэлым, так і гарманічнага развіцця кожнага грамадзяніна, у прыватнасці моладзі. Неабходна даць магчымасць маладым сем’ям атрымліваць прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, і сярэдне-спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Гэта прадугледжвае перапрацоўку вучэбных планаў, вучэбнага асяроддзя і іншых кампанентаў адукацыі такім чынам, каб цяжарным жанчынам і людзям з малымі дзецьмі можна было ў поўнай меры ўдзельнічаць у навучальным працэсе.

З Праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Навіны па тэме