Ірына Захарава: калі сярод дэпутатаў так шмат урачоў, чаму ў такім сумным стане бальніцы і паліклінікі

29 студзеня 2018 19:27  |  Палітыка

Ірына Захарава: калі сярод дэпутатаў так шмат урачоў, чаму ў такім сумным стане бальніцы і паліклінікі

 

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Віцебскі гарсавет дэпутатаў па Чкалаўскай акрузе № 18 Ірына Захарава звярнулася з радыёзваротам да сваіх выбаршчыкаў. Прыводзім цалкам тэкст гэтага звароту:

“Дарагія мае выбаршчыкі!

Я, Ірына Захарава, кандыдат у дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе 18. Чаму я вырашыла падаць сваю кандыдатуру ў дэпутаты? Усё сваё жыццё я прытрымлівалася хрысціянскіх прынцыпаў: сумленнасці, павагі да людзей і спагады. Гэтыя якасці я прышчапіла і майму сыну. Крыху пра сябе: стаж працоўнай дзейнасці ў мяне 37 гадоў, з іх – 26 гадоў у Віцебскім ДСК, доўгі час працавала ў ЖЭУ ДСК бухгалтарам і галоўным бухгалтарам, і мне знаёмыя многія праблемы ў камунальнай гаспадарцы. Зараз я на пенсіі, і маё жыццё прыняла новы абарот – служэнне народу.

Мне далёка не абыякава, што адбываецца ў нашай краіне, у маім горадзе і нават у маім двары. Я з’яўляюся сябрам ініцыятыўнай групы «Віцебск – горад наш» і мне і маім сябрам па групе часта даводзіцца ставіць перад гарадскімі ўладамі вострыя праблемы горада. Сутыкаючыся з чыноўнікамі, я зразумела, што ўсё ў нашых руках. Толькі разам мы зможам прымусіць іх служыць народу. Нядаўна я прысутнічала на пасяджэнні Віцебскай выбарчай камісіі ў гарвыканкаме і была вельмі здзіўленая, што большая частка дэпутатаў гарсавета – гэта кіраўнікі, ўрачы бальніц і паліклінік. Вось і мой апанент па выбарчай акрузе 18 у трэці раз падала сваю кандыдатуру ў дэпутаты. Дык чаму тады ў Віцебску ў такім сумным стане знаходзяцца бальніцы і паліклінікі? Чаму пад вокнамі школьнай сталовай N 31 размешчана агульнагарадская пляцоўка для сабак? Ці дэпутаты толькі займаюць свае «абраныя» месцы? А ці многія з Вас – мае выбаршчыкі – ведаюць іх пайменна?

Я хачу ведаць, куды знікаюць бюджэтныя – нашы з Вамі – грошы, на што яны выдаткоўваюцца: на чарговы «адміністрацыйны» будынак або на дзіцячую паліклініку, якой так не хапае ў мікрараёне Білева, дзіцячы сад або школу? Я хачу ведаць, чаму бюджэтныя грошы не трацяцца на асвятленне двароў, на дзіцячыя пляцоўкі ў дварах. Я хачу ведаць, на падставу якіх патрэб грамадзян складаюцца чыноўнікамі планы і чаму яны не выконваюцца.

Паважаныя выбаршчыкі! Калі і Вы хочаце ведаць гэта, то далучайцеся да маёй каманды. Разам мы зможам дасягнуць любой мэты. Калі не мы, то хто ж?

 

Я, Ірына Захарава, заклікаю Вас 18 лютага прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свой правільны выбар. Нашы сэрцы патрабуюць пераменаў. Жыве Беларусь!”

Болей навін