Валер Білібуха: хачу жыць у такой Беларусі, якую па тэлебачанні паказваюць (відэа)

27 студзеня 2018 15:58  |  Палітыка

Валер Білібуха: хачу жыць у такой Беларусі, якую па тэлебачанні паказваюць (відэа)

 

Вальшчык лесу з Кабакоў, што на Берасцейшчыне, сябра партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Валер Білібуха, вылучыў сваю кандыдатуру на ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 2018 году. Сваё імкненне заняцца палітыкай ён тлумачыць пэўнымі фактамі з жыцця:

«Я, канечне, хачу жыць у такой Беларусі, якую па тэлебачанні паказваюць. Але па факце: дзе тыя пяцьсот, тысячу долараў? На паперы толькі. Чыноўнікі – канечне атрымліваюць – нават паводле статыстыкі вядома: зараз ім дадалі 37% да акладу, то якая сума атрымоўваецца? Міліцыянтам таксама зараз 40% дадалі. І вось яны ядуць мяса, а калгаснікі ядуць капусту – а разам мы ямо галубцы», – абураецца спадар Валер.

Мужчына ўжо адпрацаваў адзін тэрмін дэпутатам сельскага савету і хоча працягнуць дэпутацтва, каб дапамагаць жыхарам роднай вёскі Кабакі і суседніх паселішчаў вырашаць надзённыя патрэбы вяскоўцаў, а таксама разам з месцічамі рухаць змены да лепшага ва ўсёй краіне. Чальцы ініцыятыўнай групы сцвярджаюць, што кандыдат на новы дэпутацкі тэрмін мае ўсеагульную падтрымку сваіх выбарнікаў:

«Калі ён вылучаўся яшчэ першы раз, то я сам збіраў подпісы. І зрабіць гэта было вельмі лёгка: 20 подпісаў я збіраў за паўгадзіны».

 

«У нас тут аграгарадок – і ён увесь за Валера. Як ён ня быў дэпутатам – увогуле нічога не рабілася. Як стаў – хоць нешта пачало рухацца: дарогі падсыпацца – хоць нешта сталі рабіць для людзей».

Болей навін