Аляксандр Сапега: мяне не прымусіш абараняць бюракратычную сістэму

06.02.2018, 19:32  |  Навіны » Палітыка

Аляксандр Сапега: мяне не прымусіш абараняць бюракратычную сістэму

 

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Бабруйскі гарсавет Аляксандр Сапега звярнуўся да сваіх выбарцаў з радыёзваротам, у якім адзначыў, што вырашыў балатавацца, каб мець магчымасць узнімаць праблемныя пытанні для іх вырашэння.

“У цэлым стаўлю перад сабой мэты абараняць правы, патрэбы і інтэрэсы жыхароў нашай акругі, - усё тое, што рэальна ў межах паўнамоцтваў дэпутата мясцовых саветаў. Найперш, сыходзячы з вядомых мне вострых праблем, я збіраюся ўзнімаць пытанне недахопу месцаў у дзіцячых садках у спальных раёнах; пытанне парковачных месцаў; пытанне якасці дваравых дарог. Акрамя гэтага лічу важным уважліва ставіцца да зваротаў выбаршчыкаў з асабістымі запытамі па жыццёвых складаных сітуацыях і прыкладаць намаганні для аказання дзейснай дапамогі па іх вырашэнню”, - адзначыў ён.

Паводле яго, кандыдаты ў дэпутаты, якія сумяшчаюць кіраванне, выкананне і кантроль “любое вострае грамадскае пытанне дазваляюць сабе пакінуць без рашэння, прапануючы людзям толькі абяцанні”. Аляксандр Сапега падкрэсліў, што на яго немагчыма “ціснуць і прымушаць абараняць зручнасць існуючай бюракратычнай сістэмы”.

“Я маю багаты досвед працы ў Еўрапейскіх краінах, таму ведаю, як працуюць  дзяржаўныя сістэмы з цэнтрацыяй на чалавеку. Менавіта тыя сістэмы, дзе ёсць павага да асобы, клопат аб кожным грамадзяніне, і ў якіх прадугледжана падтрымка для ўсіх, хто трапляе ў цяжкае становішча. Адпаведна, маю бачанне па практычнаму вырашэнню актуальных праблем нашай краіны”, - заяўляе ён і абяцае свой досвед у сферы сацыяльнай дзейнасці эфектыўна ўжываць пры арганізацыі патрэбнай дапамогі па запытам выбаршчыкаў.

 

“Калі пры вашай падтрымцы я змагу стаць дэпутатам мясцовых саветаў, то разам мы зможам знаходзіць найлепшыя варыянты вырашэння праблемных пытанняў нашай акругі. Таму звяртаюся да вас за падтрымкай і прапаную аддаць свой выбар на маю карысць”, - упэўнены Аляксандр Сапега.

Навіны па тэме