Галіна Каржанеўская. Страчаны рай, або Як дэпутат разводзіў рукамі

12.02.2018, 15:24  |  Навіны » Палітыка

Галіна Каржанеўская. Страчаны рай, або Як дэпутат разводзіў рукамі

 

Па вуліцы Глебкі ў 70-я гады ўзнялося пяць 9-павярховых жылых дамоў. Будаўнікі-літоўцы на радасць жыхарам пасярод двара збудавалі фантан, ды не просты, а з мастком праз перашыек, з бетоннымі жабкамі і лілеямі. Сам бацюшка з бліжэйшай царквы асвячаў любімае месца адпачынку. Сюды вадзілі гуляць малых з дзіцячых пляцовак і дзіцячых садкоў, тут пад ценем дрэў бавілі час бабулькі з кіёчкамі.

40 гадоў у летні сезон з ратоў жабак цяклі струмені вады. Але нічога вечнага не бывае: знасіліся трубы, адвалілася плітка. З вясны 2016-га фантан працаваць перастаў, знаходзіцца зараз у закінутым стане. Шкадавалі ўсе, а дзейнічаць пачала адна немаладая жанчына: інвалід вайны Яўгенія Аляксандраўна Лабанава. Асколак ад нямецкай авіябомбы ў дзяцінстве параніў ёй руку, хірургі мусілі адпілаваць кісць. Дзіцячы дом за Уралам стаў школай жыцця. “Мы ўсе былі адзін за аднаго. Калі хтосьці хварэў, то нават святы адкладвалі. У дні нараджэння кожны атрымліваў малюсенькі кавалак агульнага пірага”, – распавядае Яўгенія Аляксееўна. Яна атрымала вышэйшую адукацыю, працавала на адказных пасадах у Мінску і не можа спакойна глядзець на безгаспадарчасць і абыякавасць да людзей.

Куды толькі ні звярталася пенсіянерка! І ў мясцовыя ўстановы ЖКГ, і на гарачую лінію Фрунзенскай адміністрацыі, і ў прэсу. “Вечерний Минск” пісаў аб праблеме гараджан, “Комсомольская правда” адгукнулася і змясціла здымак…

Нельга сказаць, што ўлады зусім ігнаравалі. Прыходзілі, глядзелі, думалі, як быць. Залівалі ваду з бочак, аднак нічога добрага з гэтага не выйшла. Закупілі плітку для рамонту берагоў, але да справы не дайшло. Плітку апусцілі ў падвал аднаго з будынкаў, і куды яна падзелася – невядома.

“Куды яшчэ напісаць? Толькі слугам народа!” – вырашыла дамавая актывістка. Тым болей, што старшыня гарсавета выбіраўся па іхняй Матусевіцкай акрузе. Свой, можна сказаць, чалавек! Вырашыла і падрабязна апісала ўсю гісторыю маленькага раю і яго страты. Чакае, ды рэха ад звароту няма. Тэлефануе ў прыёмную, патрабуе Панасюка Васіля Васільевіча, а той маўчыць у трубку. Нічога не мае сказаць, бо не ў тэме. Ліст наконт сапсаванага фантана з гарсавета перакінулі ў тую самую Фрунзенскую адміністрацыю з тым самым ніякім вынікам.

Пазней, праўда, дэпутат “пачціў” двор на вуліцы Глебкі сваёй прысутнасцю. “Няма фінансавання”, – сказаў ён і развёў рукамі. Што зрабіць, каб фінансаванне знайшлося і справа зрушылася з мёртвай кропкі, Лабанава не ведае. Панасюк таксама не ведае, яму не да таго: чарговы раз ідзе ў дэпутаты Мінскага гарсавета. Спадабалася яму там, значыць.

“Калі ў нас была дэпутатам дырэктар 125-й школы, яна нам дапамагала. Хацелі ў двары паставіць ларок, дык яна дабілася, каб зрабілі дзіцячую пляцоўку. Не дала “ўшчыльніць” двор. Мы баімся, што яны зноў нешта задумалі, бо гразіліся басейн фантана засыпаць зямлёю. А Панасюк толькі і робіць, што віншаванні падпісвае ветэранам разам з галавой выканкама. Напаміналі яму: “Мы ж вас выбіралі!” І што? Думае, што зноў за яго прагаласуем”.

Праўду кажуць: адзін у полі не воін… Да таго ж Яўгенія Аляксееўна пашкодзіла нагу і на свой двор глядзіць толькі з акна. Будучыня зялёнага куточка пад вялікім пытаннем…

Навіны па тэме