Экс-кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк працягвае дамагацца справядлівасці

10 красавіка 2018 11:49  |  Палітыка

 

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі завяршыліся амаль два месяцы таму, а сланімчанін экс-кандыдат у дэпутаты ад БХД Алесь Масюк працягвае дамагацца праўды і справядлівасці.

Алесь не можа змірыцца і пагадзіцца з тымі парушэннямі, якія, на яго думку, адбываліся ў дзень выбараў на яго выбарчым участку. Таму адразу пасля завяршэння выбараў ён падаў скаргу ў Слонімскую пракуратуру на незаконныя дзеянні ўчастковай выбарчай камісіі Незалежнага выбарчага ўчастка №10, які размяшчаўся ў СШ №8 г. Слоніма. І прасіў пачаць крымінальную справу ў дачыненні да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Юнга Таццяны Вячаславаўны за парушэнне выбарчага заканадаўства, падробку дакументаў і скажэнне вынікаў галасавання. Аднак замест рэальна прынятых мер у дачыненні да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Алесь атрымлівае адны адпіскі, пра што ён распавёў карэспандэнту пры сустрэчы.

– На маё здзіўленне, пракуратура чамусьці не спяшаецца прымаць меры, накіраваныя на аднаўленне законнасці і прыцягненне парушальнікаў да адказнасці. Мне давялося некалькі разоў звяртацца ў пракуратуру Слонімскага раёна з просьбай правесці разбіральніцтва аб парушэннях законнасці, якія маюць прыкметы крымінальных злачынстваў.

Першы мой зварот быў пераадрасаваны ў Слонімскую раённую выбарчую камісію, якая не дала адказ па сутнасці і парушыла парадак разгляду скаргі і абвяшчэння аб яе выніках. Другі мой зварот быў пераадрасаваны ў Гарадзенскую абласную выбарчую камісію, якая таксама не дала адказу па сутнасці.

Звярнуўся ў Слонімскую пракуратуру ў трэці раз і атрымаў адказ, што для вырашэння пытанняў аб наяўнасці ў дзеяннях старшыні ўчастковай выбарчай камісіі прыкмет злачынстваў магу звярнуцца ў аддзел унутраных спраў.

15 сакавіка ў Слоніме падчас прыёму грамадзян перадаў свой зварот аб парушэнні заканадаўства аб выбарах пракурору Гродзенскай вобласці. А на наступны дзень звярнуўся з заявай аб парушэнні грамадзянкай Юнга Т. В. заканадаўства аб выбарах у Слонімскі РАУС.

Пазней мне стала вядома, што мая заява, пададзеная ў РАУС, перададзена для разгляду па сутнасці ўчастковаму інспектару Кірыкаву Дзмітрыю Андрэевічу. Гэта мне дало надзею, што нарэшце справа зрушыцца з мёртвай кропкі, міліцыя разбярэцца і вінаватых у парушэнні заканадаўства аб выбарах прыцягне да адказнасці. Але надзея мая апынулася заўчаснай. 29 сакавіка я атрымаў ліст з РАУС, дзе было напісана, што мая заява накіравана ў Слонімскі райвыканкам. Толькі для чаго і на падставе якога закону яго туды накіравалі, не зразумела. Бо Слонімскі райвыканкам не мае паўнамоцтваў для распачынання крымінальных спраў.

Такім чынам, тыя, хто павінен забяспечваць вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, на мой погляд, фактычна бяздзейнічаюць, ствараючы толькі бачнасць працы. Перасылаюць маю заяву пра крымінальныя правапарушэнні то ў адну, то ў іншую інстанцыю, і ўсё пакуль рухаецца па замкнёным крузе.

У сувязі з гэтым я вымушаны быў звярнуцца ў чацвёрты раз у пракуратуру Слонімскага раёна, у прыватнасці да в.а. пракурора Бабарыкі Віталя Аляксандравіча, з просьбай запатрабаваць «ходзячыя па коле» мае заявы і прымяніць паўнамоцтвы сваёй улады ў інтарэсах законнасці і не дапусціць беспакаранасці ў дачыненні да грамадзянкі Юнга Таццяны Вячаславаўны, якая здзейсніла дзеі, якія, па маім перакананні, могуць быць кваліфікаваныя як злачынства, – распавёў пра сваю выбарчую гісторыі Алесь Масюк.

Як бачым, чыноўнікі і праваахоўнікі пакуль не могуць выкарыстаць сваю ўладу і даць ацэнку дзеянням участковай выбарчай камісіі, абмяжоўваючыся ад праблемы традыцыйнай перапіскай.

Ганна Валадашчук, Газета Слонімская

Болей навін