“Я не разумею, як там можна весяліцца…” Гутарка з Ядвігай Угольнік

05 кастрычніка 2018 10:42  |  Грамадства

“Я не разумею, як там можна весяліцца…” Гутарка з Ядвігай Угольнік

 

Прэс-служба Беларускай хрысціянскай дэмакратыі працягвае публікацыю інтэрв’ю з актывістамі, якія стаяць на абароне Курапатаў.

 

– Мы дастаткова даўно ведаем адна адну, можна  я буду назваць цябе не Ядвігай Сігізмундаўнай, а проста Ядзяй?

– Канечне, можна.

– Калі і як ты выйшла на хрысціянскую дэмакратыю?

– Першы раз сустрэла Севярынца і Рымашэўскага, калі былі стаянне і малітва каля касцёла святога Юзафа. А запрашэнне пабачыла ў царкве “Благадаць” (я нават захавала той лісток). У хуткім часе мне прапанавалі падпісацца за вылучэнне Віталя Рымашэўскага на прэзідэнцкіх выбарах. Я кажу: “Магу і сама сабраць подпісы”. Пасля пайшлі пікеты, дзе мы з вамі і пазнаёміліся, так я ўцягнулася ў грамадскую дзейнасць. І толькі пазней  даведалася, што якраз БХД падтрымала царкву “Новае жыццё” падчас посту-галадоўкі, калі мы абаранялі наш будынак на Сухарава. Яго, да слова, і цяпер завуць “кароўнікам”…

– Ядзя, ты па хрышчэнні каталічка, а наведваеш і касцёл, і пратэстанцкую царкву… Не адчуваеш унутранага дысанансу?

– Наадварот. Я болей бачу і разумею. Я не згубіла – знайшла, не збяднела, а пабагацела.

– Як твае заходнебеларускія сваякі перажылі першыя і другія Саветы?

– Пры першых яшчэ мама была невялікай. Яна мне тое-сёе расказала. Калі, напрыклад, да іх важна крочыў начальнік з партфелем, бабуля загадвала дзецям (а іх было сямёра) выграбаць попел з печы і вымурзвацца. Надзявалі горшае, раскідвалі анучы… А пасля гаварылі: “Паглядзіце, як мы жывём. За што нас высылаць?” Насамрэч і ў бацькавых, і ў маміных дзядоў былі зямельныя надзелы, мы хадзілі ў “свой” лес”. Дзед па бацьку так і застаўся “адзіналічнікам”. Курэй у яго было болей, чым у калгаснікаў. Бо з Гродна прыязджаў упаўнаважаны і ва ўсіх пералічваў курэй. Тады яшчэ шмат бежанцаў праходзіла праз вёску. Невядома, адкуль яны ішлі, і такія бедныя, што ні разу не бачылі сыру.

– Калі ты першы раз пачула пра Курапаты?

– Калі пачала наведваць сходы БХД. Нам сказалі, што там вядуць дарогу па касцях. У камуністаў быў план па забойствах, яго да Кастрычніцкай рэвалюцыі ці да канца года належала выканаць, а яшчэ лепш перавыканаць.

– Як сябе адчувала першы раз, калі зноў выйшла  на “стаянне”?

– Думала, што будзе горай. Чакала большага экстрыму. Сам рэстаранны комплекс злавесны, ён мне нагадвае якісь лагер. Калі  труба дыміць, мне аж страшнавата. Я не разумею, як там можна весяліцца: у якое акно ні зірні, паўсюль крыжы. І гэта ж не простыя могілкі, гэта месца злачынства, за якое ніхто не пакаяўся.

– Наперадзе двое выбраў. Плануеш удзельнічаць?

– Як Бог дасць здароўе, то канечне. Спраў хопіць…

 

Гутарыла Галіна Каржанеўская

Болей навін