БЕЛАРУСЬ

01.10.2010, 11:43  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, БХД

Біблія сьведчыць пра сьветласьць на самым пачатку. Сьведчыць так:

 

"І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры". (Быцьце.1:3-4)

 

Беларусь – найсьвятлейшае й сапраўднае імя гэтае краіны. Самае частае слова ў нашае кнізе, самая чыстая любоў для чытача й самы чуйны элемэнт нацыянальнае ідэі.

 

Беларусь – гучыць, як праменіць. Белая – значыць, чыстая, найвышняя, нават сьвятая. Белград, Белы дом, Беларусь – з аднаго сэнсавага шэрагу.

 

Узьнікненьне Беларусі – найбялейшая пляма беларускае гісторыі.

 

Назва БЕЛАРУСЬ – няўлоўная, эфэмэрная. Беларусь калышацца ў сэрцы Эўропы, зьяўляецца й прападае, быццам аграмадны водсьвет, факусуецца то ля Ўладзімера й Суздаля ў XII ст., то вакол Полацка ў XIII ст., то ў Падняпроўі ў XIV ст., а то займае сабой паў-ВКЛ улучна са Смаленшчынай і Браншчынай у XVI ст. Такое ўражаньне, што ў гэтым змроку Сярэднявечча яна разьвідняла зь нябеснага сьвятла: дзе ясна, сонечна й чыста – там была Беларусь; як толькі пахмурна й цень – яна зьнікала. Самае цікавае, што такім жа чынам паводзіў сябе і сымбаль беларускасьці – бел-чырвона-белы сьцяг, і срэбны з барваю герб "Пагоня", і нават сама беларуская дзяржаўнасьць. Быццам з паветра, быццам звыш – матар'ялізуецца з туманнае смугі з эфэктам цуду.

 

Беларусь заўжды была ідэалам, імкненьнем, імгненьнем больш, чым зьдзейсьненым фактам. Беларусь успыхвала толькі ў

моманты выключнае гістарычнае значнасьці – дзеля таго, каб потым цэлыя пакаленьні жылі ў азарэньнях адраджэньня яе незалежнасьці.

 

Беларусь мае духовую прыроду – вось у чым сэнс.

 

Корань – "Русь".

 

Найменьне "русь" усходнім славянам тысячагодзьдзе таму надалі варагі ці нарманы. Тыя самыя, што ў VIII – IX стст. абаснаваліся ў Ангельшчыне, Францыі й Ірляндыі, раней за Калюмба, ужо ў X ст. адкрылі Амэрыку, і зьядналі калянізацыяй і гандлем усю Паўночную Эўропу. Такім чынам, на стратэгічным стыку Захаду й Вялікага стэпу Русь зьявілася з тае рашучае, прадпрымальнае нарманскае пратаплязмы, якая надала свае абрысы ўсёй сёньняшняй эўраатлянтычнай цывілізацыі.

 

Русьсю назавуць першае аб'яднаньне ўсходне-славянскіх плямёнаў вакол Кіева; "русьсю" яшчэ доўга будуць іменаваць насельнікаў міжморскіх княстваў; з Русі ў пэрыяд мангола-татарскага нашэсьця вылучыцца вольная Беларусь – і ў рэшце рэшт, легендарную "Русь" як Расею прыўласьціць дэспатычная Масква – каб затым насьмерць змагацца зь Русьсю Белай. Лёсы Ўсходняе Эўропы, а потым і паловы сьвету, будуць вырашацца тут, у Белай Русі. Беларусь, Боле-русь, будзе нязьменна адыгрываць ключавую ролю скрыжаваньня, храма й пагоста.

 

Русь – міфічная тысячагадовая спадчына, грандыёзнае поле гісторыі й генэтыкі. Вось за што змагаюцца Расейская імпэрыя – зброяй, гвалтам і тыраніяй; і Беларусь – словам, ахвярай і любоўю.

 

У Белай Русі вэер вэрсіяў: белыя валасы й вопратка, сьветлыя вочы жыхароў, свабода ад ардынскага іга; цэнтар усходнеславянскіх земляў; "усход" у старажытнае колералёгіі; абшар духовасьці, хрысьціянства – у супрацьлегласьць "чорнай" тэрыторыі паганства... Але паўсюль у значэньнях скразіць сьвятло і дыхае Дух.

 

Напэўна, Беларусь так назвалі таму, што было відавочна: іншай яна быць проста ня можа.

 

Беларусь, сэрца Эўропы, спрадвеку была вобласьцю невытлумачальнага адбельваньня. Так, як яна асьвятляла вочы ды валасы вугра-фінаў, балтаў, славянаў – гэтак жа ачышчала й асьвячала душы цэлых краінаў.

 

Беларусь – вобраз ціхага сьвятла й Божае сьвятасьці, глыбокі, празрысты й узьнёслы, у якім зіхаціць хрысьціянская яснасьць.

 

Беларусь сьвеціцца, быццам Ісус у момант сваёй славы на гары Ператварэньня:

 

"І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая..." (Лукі 9:29)

 

Чым бліжэй да Новага Запавету, тым больш сьвятла, тым больш белі ў Бібліі. І, нарэшце, быццам адна суцэльная ўспышка – апошняя кніга, Адкрыцьцё Яна Багаслова:

 

"Галава ў яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег, і вочы ў Яго – як полымя вогненнае." (Адкрыцьцё 20:14)

 

"І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба й зямля..." (Адкрыцьцё 20: 11)

 

"Пераможца апранецца ў белае адзеньне, і ня выкрасьлю імя Ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя Ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі." (Адкрыцьцё 3:5)

 

Беларусь – белая краіна Адкрыцьця Божага.

 

Ранейшыя ўвасабленьні Беларусі – Полацк, Смаленск, Тураў, Вялікая Літва, Рэч Паспалітая – ужо валодалі той сьветлай духовай сутнасьцю, ужо зьмяшчалі ў сабе пачаткі празрыстай крыніцы й фокусу сьвятасьці, чыстага й ахвярнага сэрца. Але поўная сіла, цэласнасьць і яснасьць беларускага фэномэну ўспыхнулі толькі з гэтым імем.

 

Зьявай масавай сьвядомасьці Беларусь стала напачатку XVII ст. – адразу з нараджэньнем нацыі ў гарніле Залатога Веку.

 

Так новае імя даецца нам пры хрышчэньні.

 

Той, хто прымае Хрыста, набывае новую сутнасьць. Пасьля Старога Запавету Полацку, Наваградку, Вільні мы бачым Новы Запавет у Беларусі.

 

Беларусь, белая – белая й русая, рудая, чырвоная – элемэнтарная формула бел-чырвона-белага сьцягу. Белая краіна з крывавай паласой наскрозь – што можа быць больш красамоўным!

 

Зрэшты, Беларусь для беларуса ня мае патрэбы ў тлумачэньні. Гэта адчуваеш адразу, інтуітыўна, на ўзроўні веры й адкрыцьця.

 

Мая Беларусь. Люблю Беларусь! Беларусь – гэта сьвятое...

 

Калі сумняесься, ці існуе яна насамрэч, гэтая сьветлая краіна-мара, агукні на мітынгу:

 

— Жыве Беларусь!

 

І табе адкажуць моцна й гучна, аж скаланецца душа:

 

— Жыве!!!

Навіны па тэме

Фото юзера сяргей
сяргей 05.10.2010
ты хоть сам понял , что написал.Полнейший бред.
беларусь - название страны , а не святое.Бог - свят , и человек, если верит в НЕГО.А если страна в полном г..., то национализм ей уж точно не поможет.
Фото юзера Z
Z 06.10.2010
Сяргей, вы схамілі! не па хрысціянску неяк 8(

И то, что вы в определённой ситуации не способны понять другого - не дает вам права называть его речь бредом. Или для вас жизнь близких не свята (ценна)? Так почему вы отказываете другим ценить и другое что дал Творец?

а вот и с национализмом (может вы имели в виду патриотизм?) вы ошиблись - любовь в Родине её граждан и уроженцев наверняка "поспособствует" Беларуси - А где вы нашлі это утверждение?
Фото юзера Аўген
Аўген 06.01.2011
http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Белая_Русь
Мяне, мякка кажучы, здзіўляе пошук кораня слова ў "Белым Доме" і "Белградзе". З такім жа поспехам можна пашукаць яго ў Бельгіі ці беладоне.
"Беларусь, белая – белая й русая, рудая, чырвоная..." Прабачце! А чарнявых беларусаў не бывае?
"Зьявай масавай сьвядомасьці Беларусь стала напачатку XVII ст. – адразу з нараджэньнем нацыі ў гарніле Залатога Веку." Можна пацікавіцца адкуль інфармацыя наконт самасвядомасці насельніцтва як "беларусаў" у 17 ст.?