Пачаўся разгляд скаргі Тацьцяны Шамбалавай на КДБ: “дзейнасьць актывісткі БХД нясе пагрозу нацыянальным інтарэсам”

04 красавіка 2011 18:57  |  Палітыка

У панядзелак, 4 красавіка, у Ленінскім судзе Магілёва распачалося судовае разьбіральніцтва па скарзе гарадзкой каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацьцяны Шамбалавай на УКДБ па Магілёўскай вобласьці за пастаноўку яе на прафіляктычны ўлік і вынясеньне ёй папярэджаньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай партыі і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 года.

Шамбалава лічыць дзеяньні КДБ неабгрунтаванымі і незаконнымі, а таксама намагаецца, каб перад ёй выбачыліся кіраўнік абласной управы КДБ Ігар Сяргеенка і супрацоўнік КДБ Андрэй Махуноў.

 
Суд цягнуўся ад 14:15 да 18:00. Сьведка – старшы опэрупаўнаважаны Андрэй Алегавіч Махуноў, які ўручыў Тацьцяне Шамбалавай папярэджаньне – выступіў у судзе толькі каля 17:00. На 5 красавіка на 9:30 прызначаны працяг разьбіральніцтва.

Супрацоўнікі КДБ аргумэнтавалі неабходнасьць вынесьці Шамбалавай афіцыйнае папярэджаньне і паставіць на ўлік тым, што дзейнасьць магілёўскай актывісткі  аргкамітэта БХД можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. 

“Суд нагадвае сабой цырк. Ім задаеш канкрэтнае пытаньне: “Як я дзейнічаю ад імя незарэгістраванай арганізацыі?” А яны: “Віталь Рымашэўскі на сустрэчы з выбаршчыкамі назваў вас гарадзкой каардынатаркай”. “Гарадзкой каардынатаркай чаго?”, пытаюся я, а яны адказваюць, што гэтага ён не сказаў. Яны ўвесь час пераліваюць усё з пустога ў парожняе, а калі ім задаеш канкрэтнае пытаньне, напрыклад, па крымінальным кодэксе, яны паказваюць сваю некампэтэнтнасьць”, – падкрэсьліла Тацьцяна Шамбалава ў інтэрвію прэс-службе БХД.

“Абсалютна ўсё надумана. Нават, калі я ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве “Плошча”, то я ня бачу пагрозы, што ў будучыні я магу нейкія масавыя беспарадкі ўчыніць асабіста, нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы нашай краіны. Яны хацелі паспрабаваць напалохаць, каб я была менш актыўная ў грамадзка-палітычным жыцьці” – распавяла актывістка.

Аргумэнты таго, што дзейнасьць Шамбалавай можа нанесьці шкоду бясьпецы і інтарэсам дзяржавы, агучыў прадстаўнік абласной управы КДБ Валеры Арцыкаў. Тое ж паўтарыў ягоны калега Андрэй Махуноў. Як высьветлілася на судзе, Махуноў займаўся апэратыўна-вышуковымі дзеяньнямі ў адносінах да Тацяны Шамбалавай.

Судзьдзя Андрэй Юрчанка запытаўся ў Махунова: “Якія канкрэтныя дзеяньні заяўніцы маглі стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпекі?”

Махуноў: “У парушэньне дзейнага заканадаўства праводзяцца сходы, але на якіх не вырашаюцца пытаньні рэгістрацыі. Абмяркоўваецца стратэгія партыі, акцыі й гэтак далей”.

Супрацоўнікі КДБ перадалі суду вынікі сваёй апэратыўна-вышуковай дзейнасьці — раздрукоўкі публікацыяў з інтэрнэту, копіі статута і праграмы стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Гэтыя дакумэнты, на думку супрацоўнікаў спэцслужбы, сьведчаць, што Шамбалава дзейнічала ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а ня як актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

Яшчэ аднім аргумэнтам, якім супрацоўнікі КДБ, даказвалі слушнасьць сваіх дзеяньняў у дачыненьні да Тацяны Шамбалавай, — яна была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

Нагадаем, афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 года ўручыў Шамбалавай старшы опэрупаўнаважаны Андрэй Махуноў 15 лютага на так званай прафіляктычнай гутарцы ва ўпраўленьні КДБ па Магілёўскай вобласьці. Паводле гэтага папярэджаньня Тацьцяне можа пагражаць крымінальны перасьлед па артыкулах 193–1 і 293 КК. Падчас гэтай жа гутаркі ёй паведамілі, што яна ужо зь 9 лютага стаіць на прафіляктычным уліку. Тацьцяна Шамбалава была затрыманая падчас разгону мірнай акцыі 19 снежня і асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбывала ў ІЧУ Менскага раёну. Увесь тэрмін зняволеньня актывістка трымала галадоўку. Вызваліўшыся, яна абскардзіла свой арышт, аднак традыцыйна атрымала адмову.

 

Паводле Радыё “Свабода” і ўласнай інфармацыі прэсавай службы БХД

Болей навін