Талака ў Жлобаўцах на радзіме Ларысы Геніюш (Фота)

25.07.2011, 15:31  |  Грамадства, Культура

У нядзелю 24 ліпеня на месцы колішняга фальварку Геніюшаў Жлобаўцы ля вёскі Воўпа Ваўкавыскага раёну адбылася талака, арганізаваная сябрамі кампаніі "Пакаяньне" аргкамітэту БХД і ваўкавыскімі грамадзкімі актывістамі. Талака па добраўпарадаваньні рэшткаў радавой сядзібы Ларысы Геніюш прайшла напярэдадні чарговага дня народзінаў славутай беларускай паэткі, хрысьціянкі, сакратаркі Беларускай Народнай Рэспублікі і пакутніцы сталінскага ГУЛАГу.

 

Супольнымі намаганьнямі ад зарасьцяў былі ачышчаныя падмуркі і ганак роднага дому паэткі, адноўлены надпіс на памятным камяні, што быў усталяваны тут у 2010 годзе да 100-дзя з дня яе нараджэньня. Пасьля працы удзельнікі талакі прыгадалі свае любімыя вершы Ларысы Геніюш.

 

Арганізатарка гэтай талакі, каардынатар праекта "Пакаяньне" Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Валерыя Чарнаморцава распавяла:

 

«Тыдні тры таму мы прыехалі сюды, каб адшукаць знакаміты фальварак Жлобаўцы. Але тут усё так зарасло, што нават прыехаўшы на гэтае месца, мы ледзь не гадзіну блукалі ў навакольлі ў пошуках гэтых падмуркаў. Таму напярэдадні жніўня, традыцыйнага часу розных мемарыяльных імпрэзаў, прысьвечаных дню народзінаў Ларысы Геніюш, мы вырашылі троху расчысьціць падмуркі роднай хаты маёй любімай паэткі, каб усе ахвотныя маглі прыехаць сюды і належным чынам ушанаваць яе памяць. Дарэчы, 7 і 20 жніўня адбудуцца 2 сяброўскія вандроўкі ў гэтыя мясьціны з вядомым краязнаўцам і музыкам Аляксеем Фраловым. Вандроўкі маюць такую рамантычную назву Genius Terra: зямля Геніюш ці зямля геніяў. Запрашаю усіх ахвотных далучацца да іх.»

 

Хутар Жлобаўцы бацька паэткі Антон Міклашэвіч атрымаў ад свайго бацькі, дзеда Ларысы Геніюш Паўла Францавіча Міклашэвіча, які валодаў зямлёй у недалёкіх Гудзевічах. Ад колішняга фальварка Жлобаўцы захаваліся толькі фрагмент алеі, гаспадарчая пабудова і падмуркі дома з ганкам ды склепам. Сам дом у 1946 годзе быў перавезены ў Ваўкавыск, дзе сёньня і размяшчаецца па вуліцы Перамогі, 40.

 

Пра гэта удзельнікам талакі распавёў ваўкавыскі актывіст Мікола Кавальчук, які і знайшоў у Ваўкавыску гэты дом. Яму цудам ўдалося атрымаць дакументы з падрабязнай гісторыяй дому Геінюшаў. У мінулым годзе, калі беларуская грамадзкасьць шырока адзначала 100-дзе Ларысы Геніюш, Кавальчук спрабаваў дамагчыся, каб на радавым доме была вывешаная адпаведная шыльда. На жаль, гэтыя спробы скончылася арыштам шыльды і штрафам для самога актывіста.

 

Славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш (9 жніўня 1910 - 7 красавіка 1983) нарадзілася ў фальварку Жлобаўцы Ваўкавыскага раёну. У 1937-1948 жыла з мужам ў Празе, брала ўдзел у працы ўрада БНР на эмiграцыi, была прызначаная сакратаркай БНР. У 1948 годзе разам з мужам, лекарам Янкам Геніюшам, Ларыса Геніюш была арыштаваная, выдадзеная савецкаму КДБ і асуджаная на 25 гадоў лагераў. Каб даведацца пра лёс архіваў БНР, у менскай амерыканцы яе асабіста дапытваў кіраўнік КДБ Беларусі Лаўрэнці Цанава. Вызваленыя праз восем гадоў ГУЛАГу, яны вярнуліся ў Беларусь і пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве. Да канца жыцьця мужная паэтка не прыняла савецкага грамдзянства, заставалася грамадзянкай БНР і была прыкладам для ўсіх беларускіх патрыётаў.  Да сёньняшняга дня жыцьцё і вершы Ларысы Геніюш натхняюць беларусаў у змаганьні за свабоду сваёй Бацькаўшчыны.

 

Ларыса Геніюш вельмі любіла і па магчымасьці наведвала свае родныя Жлобаўцы: «Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сямья. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяньня яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, гдзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не пасьпелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы…», — гэткімі словамі распачынае яна сваю знакамітую кнігу ўспамінаў «Споведзь».

 

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакі

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакі

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакі

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакі

Склеп роднай хаты Ларысы ГеніюшСклеп роднай хаты Ларысы ГеніюшСклеп роднай хаты Ларысы ГеніюшСклеп роднай хаты Ларысы ГеніюшМікола Кавальчук аднаўляе надпіс на памятным камяніМікола Кавальчук аднаўляе надпіс на памятным камяні

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакі

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакі

Удзельнікі талакіУдзельнікі талакіХата Геніюшаў, перавезеная са Жлобаўцаў у ВаўкавыскХата Геніюшаў, перавезеная са Жлобаўцаў у ВаўкавыскМагіла Ларысы і Янкі Геніюшаў у ЗэльвеМагіла Ларысы і Янкі Геніюшаў у Зэльве


Навіны па тэме