Зміцер Шурхай не ведае, ці асудзіў яго Горацкі суд

08 жніўня 2011 16:04  |  Палітыка

Каардынатар аргкамітэту БХД па Берасцейскай вобласці не паехаў 8 жніўня ў Горкі, дзе над ім павінен быў адбыцца суд за акцыю пратэсту ля Горацкай калоніі 2 жніўня. “Я даслаў ліст, што ў мяне няма дастаткова грошаў, каб туды даехаць, і папрасіў, каб перанеслі суд на два тыдні”, – адзначыў ён.

 

“Пакуль я не ведаю, ці асудзілі мяне ці ўсё-ж такі перанеслі суд. Я нават не ведаю, як можна даведацца. Калі суд перанеслі, то гэта маленькі цуд, калі не, то мне хутчэй за ўсё дадуць 10 сутак, як і “абяцала” суддзя. Пакаранне, верагодна, я будуць адбываць у Берасці, бо ў Горкі мяне наўрадці павязуць”, – лічыць Зміцер Шурхай.

 

Ён таксама паведаміў, што накіраваў у суд Горацкага раёну пярэчанне на пратакол аб адміністпатыўным правапарушэнні. У дакуменце актывіст адзначыў, што прыехаў у Горкі, каб дабіцца сустрэчы свайго сябра Змітра Дашкевіча з адвакатам, паколькі была інфармацыя, што яго ў турме могуць збіваць. Мэтай сустрэчы было пацвердзіць або абвергнуць гэту інфармацыю.

 

“Паколькі, прастаяўшы каля 2-3 гадзін, мы так і не дабіліся сустрэчы, то было вырашана правесці тэрміновы пратэст, каб выратаваць жыццё і здароўе Змітра. Я таксама адзначыў, што мы не маглі падаць заяву аб правядзенні мітынгу за 15 дзён, як таго патрабуе заканадаўства, бо справа патрабавала тэрміновага вырашэння. Апроч таго, я падкрэсліў, што згодна з п.2 арт. 19 Міжнароднага пакту грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама арт. 34 Канстытуцыі Беларусі я маю права на свабоднае выражэнне сваіх поглядаў і атрыманне інфаомацыі аб дзейнасці дзяржорганаў”, – паведаміў Зміцер Шурхай.

 

“У лісце я падкрэсліў, што не лічу сябе вінаватым, паколькі ратаваў жыццё сябра”, – адзначыў ён.

Болей навін