Чыгілейчык, Малчанаў і Круты па-за спісамі палітвязняў

11.02.2012, 11:13  |  Навіны » Палітыка

Колькі палітвязняў утрымлівае ў турмах Аляксандр Лукашэнка і каго варта лічыць палітычным зняволеным? Адназначна адказаць на гэта простае пытанне на сённяшні дзень не можа ніхто з беларускіх праваабаронцаў.


У адным спісе фігуруюць 15 чалавек, у другім – 17, а прыехаўшы ў чацвер у Мінск дырэктар дэпартамента Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Віганд наогул меў спіс толькі з 14-ці асобаў.

Па-за спісам па-ранейшаму адзін з лідараў аб’яднання былых вязняў “Платформы” Юрый Чыгілейчык. Старшыня “Платформы” Андрэй Бандарэнка перакананы: праваабаронцы не хочуць прызнаваць Чыгілейчыка палітычным выключна з-за яго крымінальнага мінулага, хоць чалавек быў арыштаваны па відавочнай палітычнай справе.

 

– У траўні мінулага года Юрый вызваліўся з Глыбоцкай калоніі і стаў актыўна супрацоўнічаць са мной. На той момант “Платформа” яшчэ толькі паўставала, і мы ў асноўным займаліся парушэннем правоў асуджаных.


Улетку 2011 года была відавочная правакацыя ў дачыненні да Андрэя Саннікава і Зміцера Дашкевіча. Дзякуючы Юрыю гэта праблема практычна цалкам вырашылася ў Саннікава, мы былі ўжо на стадыі завяршэння дапамогі Дашкевічу, але ў гэты час вакол нас пачалі адбывацца незразумелыя рэчы.


Юрыя два ці тры разы затрымлівала міліцыя, яго дзень трымалі ў РУУСе і палохалі тым, што калі не спыніць сваёй дзейнасці, яму падкінуць наркотыкі. Я гэтаму быў вельмі здзіўлены, бо чалавек, які многае прайшоў у жыцці, проста прыходзіў да мяне і тросся ад страху.


Урэшце рэшт у адзін дзень праз тры з паловай гадзіны пасля нашай сустрэчы Юрася затрымалі на кватэры, дзе ён нібыта набываў наркотыкі. Мы знайшлі людзей, з якімі затрымлівалі Юру: яны выйшлі з ліфта, пасля чаго на ўсіх трох накінуліся спецназаўцы ў масках. Апошняе, што яны пачулі – удары і просьбы Чыгілейчыка аб дапамозе.


Пасля гэтага Юрыя збілі “ў чорнае месіва” і кінулі за краты. Цяпер жа яго абвінавачваюць у тым, што пры ім знайшлі пакунак з наркатычным рэчывам, на якім нават не было адбіткаў ягоных пальцаў, – распавядае Андрэй Бандарэнка.

 

– На мінулым тыдні мы вызначылі сваё стаўленне да спісу палітычных вязняў, – адзначае адна з вядучых беларускіх праваабаронцаў, сябра ПЦ “Вясна” Таццяна Равяка.

 

– На нашу думку, гэта 15 чалавек: Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Зміцер Бандарэнка, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Сяргей Каваленка, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, а таксама Яўген Васьковіч, Пракапенка Арцём, Сырамолатаў Павал, у дзеяннях якіх углядаюцца прыкметы правапарушэння, але мы адзначаем несправядлівую кваліфікацыю іх дзеянняў і празмернасць вынесенага пакарання.


Карэспандэнт: – Ці ёсць нейкая міжнародная дэфініцыя: каго лічыць палітычнымі вязня?


Таццяна Равяка: – Ёсць стандарты, распрацаваныя Саветам Еўропы. Палітычныя вязні – людзі, што пацярпелі за свае перакананні і апынуліся пад пераследам за грамадскую ці палітычную дзейнасць.


Карэспандэнт: – То як, па Вашаму, у свеце гэтых стандартаў выглядае справа Юрася Чыгілейчыка?


Таццяна Равяка: – Мы ведаем гэтую справу, але, каб прызнаць яго палітвязням, мы павінны ведаць усе акалічнасці гэтай справы.


Карэспандэнт: – Чалавек ужо чатыры месяцы знаходзіцца за кратамі. Вы самі сказалі, што Юрый быў моцна збіты. Што яшчэ павінна адбыцца з чалавека, каб праваабаронцы зацікавіліся яго справай?


Таццяна Равяка: – Родныя Юрыя Чыгілейчыка не звярталіся да нас па дапамогу. Я не ведаю, ці працуе па гэтай справе адвакат. Калі родныя да нас звернуцца, толькі тады мы будзем прымаць нейкае рашэнне па гэтай справе.


Апроч Юрася Чыгілейчыка па-за спісам палітвязняў па-ранейшаму Аляксандр Круты, Аляксандр Малчанаў. Прызнаць іх ўжо працяглы час прапануе кіраўніцтва Партыі БХД, а таксама родныя іншых зняволеных, але праваабаронцы ў гэтым пытанні пакуль непахісныя.

Крыніца: Радыё Рацыя

Навіны па тэме

Фото юзера Ганна
Ганна 11.02.2012
Становіцца страшна ад абыякавасці нашых праваабаронцаў і іх цынічнасці.