Адвакат сустрэлася з Дашкевічам у глыбоцкай калоніі

29 сакавіка 2012 08:19  |  Палітыка

З лідарам Маладога фронту, сябрам БХД Змітром Дашкевічам у калоніі горада Глыбокае сустрэлася адвакат. У калонію разам з адвакатам прыехала і намесніца старшыні Маладога фронту Наста Палажанка.


Па яе словах, Дашкевіч працягвае знаходзіцца ў штрафным ізалятары, куды яго кінулі без тлумачэнняў. У камеры з ім утрымліваецца яшчэ 6 чалавек.

Наста Палажанка:

 

– Яны ўжо нават не тлумачаць, 30 сутак і ўсё. Больш жорстка прэсаваць адкрыта ў турме, чым у ШІЗА, я думаю немагчыма. Недзе праз тыдзень скончваецца гэты 30-ці суткавы тэрмін, не факт, што ён выйдзе, але мы на гэта спадзяемся.


Па словах Насты Палажанкі, сустрэча Дашкевіча з адвакатам працягвалася каля 40 хвілін. Размова ішла аб некаторых юрыдычных пытаннях справы Дашкевіча. На іншыя тэмы размаўляць нельга пад пагрозай прыпынення сустрэчы. Размова з адвакатам праходзіла праз шкло і ў прысутнасці супрацоўнікаў калоніі. Хаця закон прадугледжвае магчымасць канфідэнцыйных сустрэч у асобным памяшканні.

 

Па словах Насты Палажанкі, нягледзячы на цяжкія ўмовы, настрой Змітра Дашкевіча нармальны, у парадку. 

Болей навін