Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2012 года

08 красавіка 2012 09:40  |  Грамадства

Вялебныя Айцы Святаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

Усіх вас шчыра віншую са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем: 
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!

1. Да пасхальнай радасці Ўваскрасення Госпада нашага Ісуса Хрыста Святая Царква прывяла нас праз Вялікі Тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу, Вялікую Суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.

У Вялікі Чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і святарскага служэння, які Хрыстос даручыў Сваёй Святой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасць гэтага дару святарства для ўсяго Народу Божага.
Усіх святароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарыслівае служэнне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. 
Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасць за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэння. 

Багаслужэнні Вялікай Пятніцы Мукаў Хрыстовых дазволілі нам глыбока асэнсаваць праўду, што Хрыстос у сваім прыніжэнні ёсць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаванні і пераслед. Зняважаны і бічаваны Хрыстос няспынна заклікае нас да нашай з імі салідарнасці.

2.Таямніца Хрыстовага Ўваскрасення прасвятляе ўсіх людзей добрай волі ды натхняе нас шукаць праўду пра саміх сябе, пра нашую гісторыю, пра нашае сведчанне Евангелля і вернасці Богу.

У гэтым годзе Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква адзначае 70-я ўгодкі мучаніцкага подзвігу Экзарха Антона Неманцэвіча і ягонай паствы – шматлікіх вернікаў Палесся ды Гарадзеншчыны. 

Пакутніцкі шлях Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча пачаўся ў жніўні 1942 года, калі ён быў арыштаваны ў Альбярціне нямецкімі нацыстамі ды ўвязнены ў турме СД у Мінску.
Некалькі тыдняў пазней, восенню 1942 г., гітлераўскія карныя аддзелы спалілі палескія вёскі разам з іх жыхарамі, што ўваходзілі ў склад грэка-каталіцкай (нэаўнійнай) парафіі ў Бабровічах (сёння Івацэвіцкі раён).

На тэрыторыі архіпастырскага служэння Экзарха-Пакутніка, паміж рэкамі Нёман і Шчара (у трохкутніку Ліда – Баранавічы – Ваўкавыск), карная акцыя пад кодавай назвай “Гамбург” праводзілася ў снежні 1942 года.

Айцец Антон ва ўсім сваім жыцці ды служэнні імкнуўся быць добрым пастырам і верным сведкам Евангелля. У жыцці і душпастырстве а. Антон кіраваўся прынцыпам, які стаўся яго своеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца». І гэтага ён навучаў сваю паству.

Нягледзячы на розніцы ў веравызнанні, ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыннікаў. Ягоным вялікім ідэалам была з’яднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаванне, перад усім, братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі братамі.

У пасхальны час лічым нашым абавязкам увекавечыць любоў гэтых сведкаў веры да Бога, Паўсюднай Царквы і да Бацькаўшчыны, любоў, за якую яны заплацілі найвышэйшую цану – сваё жыццё.

У гэтым годзе, які ў нашай Царкве праходзіць пад дэвізам «Евангелізацыя – пакліканне сям’і», молімся за беларускія сем’і ды за нашу вялікую Сям’ю – Беларусь. Выхаванне моладзі ў духу Евангелля, у адказнай любові да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры, лічым асаблівым заданнем нашае Царквы.

3. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

Раздзяляючы з вамі радасць, крыніцай якой з’яўляецца Уваскрасенне Гасподняе, прагну перадаць вам самыя сардэчныя зычэнні, каб Госпад Ісус Хрыстос, якога сустракаем у багаслужэннях Царквы, у «ламанні Хлеба» і тлумачэнні Слова Жыцця, дадаваў адвагі ў вызнанні веры, што гэта Ён перамог свет. 

Няхай праз заступніцтва Багародзіцы ды праз прыклад і малітвы мучанікаў і сведкаў Хрыста на нашай Беларускай Зямлі Блаславенне Ўваскрослага Ісуса Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў Замежжы, да ўсіх хрысціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.

Молімся, каб Уваскрослы Хрыстос узмацняў надзею ў перадоленні цяжкасцяў, якія паўстаюць перад намі кожны дзень, ды каб Ён быў для ўсіх прыкладам узаемнай хрысціянскай любові.

Хрыстос уваскрос! – Сапраўды уваскрос!

Мінск, Пасха Хрыстова 2012 г.

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Болей навін