Віталь Рымашэўскі. Палітыка. Убачыць героя

14 чэрвеня 2012 13:23  |  Блог Віталя Рымашэўскага

19 чэрвеня – дзень нараджэння Васіля Быкава.

 

19 чэрвеня 2012 году Васілю Быкаву споўнілася б 88 гадоў.

 

Васіль Быкаў быў адным з тых людзей, каго можна было назваць сумленнем беларускай нацыі.

 

Ён не проста казаў праўду – ён жыў праўдай. Яе пошукі былі асноўным сэнсам, глыбіннай філасофіяй яго творчасці. Як распалены вугаль, прапальваючы “рэчаіснасць” савецкага, а затым постсавецкага светапогляду, яна дасягала сапраўднай сутнасці чалавечых учынкаў і сэнсу чалавечага жыцця. Таму Быкава таксама называюць прарокам свайго часу.

 

Самы вялікі ўдар, які можа атрымаць чалавек– гэта ўдар па веры. Самая вялікая страта – страта веры ў людзей, потым, як непазбежнае наступства – страта веры ў перамогу дабра і справядлівасці. Затым, у лепшым выпадку, чалавек пачынае жыць абыякавасцю , у горшым – беспрынцыповасцю і цынізмам.

 

Усе вышэйсказанае слушна як для асобы, так і для грамадства ў цэлым. Расчараванасць і бязвер’е прыводзіць да таго, што на змену героям прыходзяць куміры – гламурныя амёбы альбо бяспрынцыпныя падонкі і авантурысты. Так разбураецца грамадства – ад маральнага разлажэння да фізічнага знікнення. Ва ўсе часы галоўным дэвізам гэтага працэсу дэградацыі было: “Хлусяць усе, пераконваючы пры гэтым, што кажуць праўду. Значыць, хлусня і барацьба за ўласнае выжыванне – норма жыцця.”

 

І ва ўсе часы на шляху гэтай “рэчаіснасці” як валуны пасярод навальнічнай плыні, паўставалі Асобы, паўставаў Чалавек. З глыбіні веры народа, з самога сэрца нацыі, да тых часоў, пакуль нацыя яшчэ жывая, нараджаюцца волаты. Адным з іх быў , ёсць, і застанецца назаўсёды – выбітны сын беларускай нацыі Васіль Быкаў.

 

На вялікі жаль, не давялося асабіста пазнаёміцца з Быкавым. Але для мяне Васіль Быкаў стаўся адной з тых асобаў, якія паўплывалі на мой уласны жыццёвы выбар, фармаванне светапогляду.

 

Добра памятаю размову са сваім татам у недзе на пачатку 90–х.

 

Поўнай хадой ішла “перабудова”. развальваўся СССР, на старонках газет выкладаліся самыя розныя, дыяметральна супрацьлеглыя палітычныя погляды на гісторыю і на тое, што адбываецца. Адны казалі аб патрыятызме да вялікай радзімы, іншыя – пра гістарычную справядлівасць і самавызначэнне нацыі. Як і многіх у тыя часы, мяне захаплялі ідэі незалежнасці, нацыянальнай гісторыі. Мой тата разважаў з пазіцыі сталага жыццёва досведу: “Прыгожа могуць казаць многія. За кім з іх праўда? Магчыма, гэтыя, новыя палітыкі таксама хлусяць, як і старыя. Раней верылі ў камунізм. Хто ведае, ці гэтыя новыя ідэі нацыянальнага адраджэння, незалежнасці – не гэткія ж бясплённыя? ”

 Адказам для мяне асабіста сталі не аргументы – зразумела, іх было шмат з розных бакоў, – адказам стаў асабісты прыклад, найперш, Васіля Быкава. “Паглядзі, хто на тым і на гэтым баку. З аднымі – вядомыя беларускія асобы, Васіль Быкаў. Ён шукаў і казаў праўду і ў мінулым. Можа быць, яны памыляюцца. Але я пайду за імі, бо я веру ім. ”

Гэтая размова і выснова з яе сталася для мяне адной з кропак канчатковага выбару на будучае жыццё..

 

 

У наш час ізноў гучыць шмат прыгожых прамоваў, шмат лагічных аргументаў – і вельмі мала прыкладаў сапраўдных учынкаў і сапраўдных людзей.

 

На старонках сучаснай незалежнай беларускай прэсы можна пабачыць як услаўляюць Быкава і адначасова апраўдваюць камунізм, тым самым здзекуючыся з памяці і творчасці пісьменніка. Ці не пра гэта казаў Хрыстос : “Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі!

 

Вы будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце памятнікі праведнікам…. Гэтым вы самі супраць сябе сьведчыце, што вы сыны тых, якія пабівалі прарокаў” (Мк. 23: 2-36)

 

На жаль, сёння, як і ў савецкія часы, за гучна рэкламуемымі пустымі балванамі/ідаламі не так проста знайсці сапраўднага героя.

 

Не проста, але магчыма, калі гэтыя героі ёсць. Таму дэвізам надзеі для беларускай нацыі гучаць словы Уладзіміра Караткевіча, сказаныя пра такіх як Васіль Быкаў: “ … як ёсьць у народа такія – не загіне давеку народ.”

 

Васіль Быкаў – не проста адзін з сімвалаў нацыі, адзін з куміраў, вартых беларускага нацыянальнага пантэону.

 

Васіль Быкаў – сапраўдны нацыянальны герой.

 

Таму сёння, найперш, патрэбна не столькі праслаўленне яго імя, колькі глыбокае асэнсаванне яго творчасці, яго шляху, перайманне жыццёвых прынцыпаў і ўчынкаў.

 

Вечарына памяці Васіля Быкава:

 

19 чэрвеня 2012, 18 30, Мінск, Чарнышэўскага – 3.

 

Запрашаем усіх жадаючых.

Болей навін