Таварыства аховы помнікаў просіць прадстаўніцтва ЭЗ адмовіцца ад арэнды

29 красавіка 2013 15:28  |  Грамадства

Таварыства аховы помнікаў просіць прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі перагледзець рашэньне аб арэндзе памяшканьняў у будынку, які будуецца з парушэньнямі.

 

Ліст пра гэта быў накіраваны ў прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі і ў дыппрадстаўніцтва Фінляндыі.

Гаворка ідзе пра шасьціпавярховую прыбудову адміністрацыйнага прызначэньня, якая мае злучыцца аднапавярховай галерэяй з будынкам па вуліцы Ракаўская, 16Б. Вядзе будаўніцтва ЗАТ «Будэнерга».

Адмыслоўцы Таварыства аховы помнікаў адзначаюць, што праектная дакумэнтацыя наконт будоўлі гэтага аб’екта ўзгодненая зь Міністэрствам культуры Беларусі, нягледзячы на тое, што «пэрспэктыўны аб’ект спраектаваны бяз комплексных навуковых дасьледаваньняў», прадугледжаных самім міністэрствам.

«Прапанаваны праектам будынак прынцыпова зьменіць аб’ёмна-пляніровачную структуру і спосаб забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасьці „Гістарычны цэнтар Менску“, створыць новую горадабудаўнічую сытуацыю, якая пазбавіць гісторыка-культурную каштоўнасьць яе якасных характарыстык і не дазволіць праводзіць далейшыя работы ў адпаведнасьці з мэтодыкамі і матэрыяламі комплексных навуковых дасьледаваньняў», — адзначаюць прадстаўнікі таварыства. Яны лічаць, што гэтым парушаецца закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».

Цэнтральны РУУС Менску пачаў дзьве праверкі — адносна незаконнага ўзьвядзеньня будынка і незаконнага ўзгадненьня праекту.

Таварыства спрабуе паўплываць на патэнцыйных арандатараў гэтых памяшканьняў. Бо «арэнда ў незаконным будынку — гэта ўскосная падтрымка парушэньняў», — заявіў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Таксама таварыства зьвярнулася па падтрымку да Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі «Гавары праўду» і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», бо яны часта кантактуюць з эўрапейскімі структурамі.

Антон Астаповіч 

«Да будынка на Ракаўскай, 16Б узводзіцца прыбудова. На Ракаўскай, 16Б сядзіць італьянская амбасада. Таксама ў гэтым будынку можна знайсьці вельмі шмат парушэньняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў дачыненьні да гістарычнага цэнтру. Цяпер забудоўнік — фірма ЗАТ „Будэнерга“ (яе ўладальнік і дырэктар — Леанід Маркавец) — узводзіць прыбудову да Ракаўскай, 16Б, і гэтая прыбудова цалкам незаконная, не адпавядае ня толькі заканадаўству аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны — яна нават не адпавядае рэглямэнтам дэталёвага пляну.

А ў гэтай прыбудове, і гэтыя зьвесткі мне менавіта дыпляматычныя крыніцы ў Менску пацьвердзілі, офісныя памяшканьні ў пэрспэктыве ў арэнду будзе браць прадстаўніцтва Эўразьвязу і дыпляматычнае прадстаўніцтва Фінляндыі. Цяпер яны месьцяцца ў швэдзкай амбасадзе на Рэвалюцыйнай, 15.

Пэрспэктыўная арэнда дыпляматычнымі эўраструктурамі памяшканьняў у гэтым будынку, які ўзводзіцца з парушэньнямі заканадаўства, і ня толькі аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны (там шмат парушэньняў, і АБЭП ужо пачаў праверку) — такая арэнда — гэта ўскосная падтрымка парушэньняў заканадаўства на тэрыторыі Беларусі. Таму я і зьвярнуўся ў прадстаўніцтва ЭЗ, дыппрадстаўніцтва Фінляндыі з просьбай адмовіцца ад пэрспэктыўнай арэнды, перагледзець гэтае рашэньне. А да чатырох палітычных структур, якія апошнім часам вельмі шмат гавораць пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны, таксама зьвярнуўся. Каб яны ня проста дэкляратыўна гаварылі пра ахову гэтай спадчыны, а канкрэтна падтрымалі ініцыятыву Таварыства аховы помнікаў і зьвярнуліся ў гэтыя прадстаўніцтвы, тым больш з эўрапейскімі структурамі яны працуюць, таксама з такой жа просьбай», — заявіў Астаповіч карэспандэнту Свабоды.

Актывіст БХД Дзяніс Садоўcкі так пракамэнтаваў ініцыятыву Антона Астаповіча:

Дзяніс Садоўскі

«Безумоўна, у гэтай сытуацыі трэба адстойваць законнасьць: калі гэтае будаўніцтва незаконнае і мы падтрымліваем спадара Астаповіча, трэба, каб яно было спыненае, праведзеныя адпаведныя экспэртызы. Пытаньне, хто будзе арандаваць памяшканьне, калі яно незаконнае, гэта другаснае — ці гэта будзе эўрапейская місія, ці гэта будзе БРСМ. Мы падтрымліваем спадара Астаповіча ў яго змаганьні, каб было прыпынена незаконнае будаўніцтва гэтай прыбудовы. Тут трэба глядзець у корань праблемы».

Болей навін