Бабруйчане спрабуюць спыніць невядомую будоўлю на дзіцячай пляцоўцы

26.06.2013, 17:40  |  Навіны » Грамадства

У Бабруйску жыхары вуліц Інтэрнацыянальная і Чапаева ў Бабруйску ў межах кампаніі Рада Народных Дэпутатаў спрабуюць спыніць будоўлю, якая разгарнулася між жылымі дамамі па вуліцы Інтэрнацыянальная 72б, Чапаева 19 і прыватнымі хатамі.

 

Раней там была зялёная зона, на якой гуляліся дзеці, але каля двух месяцаў назад з'явілася агароджа, былі спілаваныя дрэвы і пачаліся будаўнічыя працы. Пры гэтым пашпарту аб'екту на агароджы няма, а ўсе спробы даведацца, што будуецца на пляцоўцы, пакуль застаюцца марнымі, паведаміла прэсавай службе БХД бабруйская грамадская актывістка Галіна Смірнова.

 

З мэтай даведацца, што будуецца па дадзенай адрэсе, жыхары суседніх дамоў звярнуліся да старшыні бабруйскага гарвыканкаму Дзмітрыя Бонахава. Аднак у адказе, які падпісаў начальнік аддзелу архітэктуры і горабудаўніцтва А.Каранкевіч, кажацца пра будоўлю на няісным скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальная і Крылова, якія з'яўляюцца паралельнымі. Прыём у старшыні гарвыканкаму таксама вынікаў не даў.

 

У сувязі з гэтым грамадзяне звярнуліся да гарадскіх уладаў з калектыўным зваротам, у якім заклікалі ўлады правесці грамадскія слуханні па пытанні будаўніцтва невядомага аб'екту ля іх дамоў. Да часу ж правядзення слуханняў яны просяць спыніць будаўніцтва. 

Навіны па тэме