Удзельнік круглага стала ў Мінску: Як жыць людзям, калі знішчаць прыватнае пагалоўе, на зарплату ў 1,5 мільёна? (відэа)

09 жніўня 2013 11:09  |  Палітыка

Удзельнікі праведзенага ў Мінску 8 жніўня круглага стала па праблеме ўспышкі афрыканскай чумы свіней у Беларусі запатрабавалі ў трохдзённы тэрмін апублікаваць поўны і ясны план урада па барацьбе з АЧС. Адпаведны ліст перададзены ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. 

У пасяджэнні круглага стала, які ініцыяваў аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, узялі ўдзел ветэрынарныя ўрачы, уладальнікі прыватных падворкаў з розных раёнаў Беларусі. 

“Лічу, улады свядома замоўчваюць сітуацыю, каб ніхто не ведаў аб праблемах на дзяржаўных свінакомплексах, — заявіў падчас круглага стала жыхар Пружанскага раёна Міхаіл Новік. — Замест гэтага прымушаюць знішчаць свіней у хатніх гаспадарках, не даючы годнай кампенсацыі”. 

Міхаіл катэгарычна не згодны з тым, што ў прыватнікаў свінней трэба выразаць, а на вялікіх свінакомплексах — не чапаць. “Комплексы, якія трапляюць у гэтую зону, таксама трэба закрываць — падыход павінен быць агульны”, — лічыць фермер. 

“Людзей хвалюе тое, што не будзе чым карміць сем’і, — гаворыць ён. — Давядзецца купляць свініну, вырабленую на комплексах, але кошт на яе без канкурэнцыі праз некаторы час вырасце ў разы. Для нашых людзей гэта катастрофа”. 

“Нам кажуць, забівайце сваіх свіней і прадавайце дзяржаве па 17 тысяч за кілаграм, — прадоўжыў тэму гаспадар прыватнага падворку Багуслаў Мацук. — А купіце ў нас па 60 тысяч. Людзі гэта разумеюць, хоць інфармацыі ніякай — чума, знішчыць, і ўсё. Цяпер свіная чума, за ёй пойдзе чума на буйную рагатую жывёлу, потым на птушачку — і бяры, купляй з затавараных складоў тушонку, якая там па дзесяць гадоў ляжыць. Як жыць людзям, калі знішчаць прыватнае пагалоўе, на зарплату ў 1,5 мільёна?” 

Аўтары звароту лічаць, што ўрад павінен вызначыць кампенсацыю насельніцтву, у якога былі адабраны і знішчаны жывёлы, з улікам рыначных цэн. 

У звароце патрабуецца спыніць знішчэнне свінога пагалоўя на тэрыторыях, якія не ўваходзяць у пяцікіламетровую зону вакол свінакомплексаў ці ў зоны паражэння вакол ачагоў захворвання. Таксама патрабуецца забяспечыць умовы для вядзення фермерскіх і прыватных гаспадарак тых пацярпелых уласнікаў, для якіх свінагадоўля з’яўлялася асноўнай крыніцай даходу.


 

Болей навін