БХД: мясцовыя выбары 2014 года ўжо цяпер можна лічыць несправядлівымі (відэа)

18 верасня 2013 13:55  |  Галоўныя навіны

Мясцовыя выбары 2014 года ў Беларусі ўжо цяпер можна лічыць несправядлівымі, таму што ні адно з патрабаванняў міжнароднай супольнасці і беларускага грамадства да гэтага часу не выканана. Пра гэта 18 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

“У Беларусі няма свабоды СМІ, па-ранейшаму ёсць палітвязні, палітвязні, якія выйшлі на свабоду, да гэтага часу не рэабілітаваныя, апазіцыйныя партыі і арганізацыі не рэгіструюцца, узровень рэпрэсій у краіне расце, з’яўляюцца новыя палітвязні (Андрэй Гайдукоў, ксёндз Уладзіслаў Лазар)”, – адзначыў ён, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

Таму вынікі будучых мясцовых выбараў ужо зараз можна лічыць нелігітымным, заявіў сустаршыня БХД і заклікаў іншыя апазіцыйныя арганізацыі выступіць з падобнай заявай.

Разам з тым Віталь Рымашэўскі адзначыў, што адсутнасць ніжняга парога яўкі на мясцовых выбарах робіць прымальным для БХД правядзенне інфармацыйнай кампаніі шляхам вылучэння кандыдатаў (усяго плануецца вылучыць 230 кандыдатаў). Таксама аргкамітэт БХД будзе ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі, каб “атрымаць юрыдычныя доказы адсутнасці справядлівых і свабодных выбараў у краіне”.

Акрамя таго, палітык заклікаў іншыя апазіцыйныя арганізацыі да стварэння рэгіянальных саветаў народных дэпутатаў у якасці альтэрнатывы “мясцовым карумпаваным чыноўнікам і прызначаным дэпутатам мясцовых саветаў”.

БХД не ўступае ні ў якія кааліцыі

Гаворачы аб планах аргкамітэту БХД на прэзідэнцкую кампанію 2015 года, Віталь Рымашэўскі заклікаў апазіцыйныя структуры да аб’яднання і вылучэння адзінага кандыдата. Пры гэтым, заявіў ён, механізмы гэтага вылучэння з’яўляюцца другараднымі. Ён таксама прапанаваў сумясціць розныя ідэі па вылучэнні адзінага кандыдата (Нацыянальны сход і праймерыз), каб як мага больш грамадзян змаглі ўдзельнічаць у выбарах лідара апазіцыі ў 2015 годзе.

Па словах Віталя Рымашэўскага, магчымасць вылучацца ў адзіныя кандыдаты апазіцыі павінны атрымаць як палітыкі, якія пражываюць у Беларусі, так і на эміграцыі, як тыя, што знаходзяцца ў зняволенні, так і тыя, хто выйшаў на свабоду і гэтак далей. Палітык таксама не выключыў, што ў выпадку, калі ўлады будуць перашкаджаць вылучэнню адзінага кандыдата, яго рэгістрацыі і агітацыі за яго, то ў Беларусі могуць прайсці альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары.

“Улады праводзяць мэтанакіраваную палітыку па вылучэнні сабе спарынг-партнёра, вымушаючы многіх палітыкаў з’язджаць з краіны, асуджаючы іх на розныя тэрміны”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Ён таксама адзначыў, што аргкамітэт не будзе ўваходзіць ні ў якія апазіцыйныя кааліцыі, якія “ўносяць штучны падзел”, але заклікае дэмакратычныя сілы да адзінства на канкрэтных дзеяннях для вырашэння канкрэтных мэтаў.

 

Болей навін