У Беларусі - новы палітычны вязень?

09.10.2009, 19:32  |  Навіны » Палітыка

Сем гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці атрымаў прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Першамайскага суду Менску Леанід Ярмоленкаў.

Андрэй Бандарэнка з жалезнай клеткі пасьпеў паведаміць, што будзе аспрэчваць прысуд, які лічыць палітычным.

Касацыйную скаргу на прысуд па законе можна падаць цягам 15 дзён.

Бандарэнку абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Абвінавачваньне патрабавала падсуднаму 9 гадоў пазбаўленьня волі. Абарона прасіла вызваліць Бандарэнку.

Актывіст АГП Аляксандар Дабравольскі заявіў Свабодзе, што, на ягоную думку, абвінавачваньне не даказала ніводнага эпізоду справы. “Не было прадстаўлена ніводнага сьведкі, ніводнага дакуманту, які б даказаў віну падсуднага”, -- заяўляе Дабравольскі.

Бізнэсоўцу, удзельніка парлямэнцкай выбарчай кампаніі 2008 году, арыштавалі 27 траўня сёлета. Андрэй Бандарэнка балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89 як незалежны кандыдат. Падчас выбараў ён працаваў дырэктарам дэпартамэнту па разьвіцьці і зьнешнеэканамічных сувязях акцыянэрнага таварыства “Белвысотстройгрупп”. Яго вінавацяць у тым, што ён скраў 20 мільёнаў рублёў. Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі заяўляе, што бізнэсовец — сябра партыі, і яго затрыманьне лічыць палітычна матываваным.

Крыніца: Малады Фронт

Навіны па тэме