Слонім: папярэджанне прыхільніку БХД Барысу Кучынскаму

17 лютага 2014 21:53  |  Палітыка

Слонімская
раённая выбарчая камісія 14 лютага вынесла папярэджанне сябру БХД Барысу
Кучынскаму за пікет, які ён праводзіў з паплечнікамі 8 лютага. У камісіі яму
паведамілі, што ў РВК паступіў матэрыял з міліцыі. Пры гэтым падчас
правядзення самога пікета на вуліцы Брэсцкай міліцыя не прысутнічала.

 

У той дзень праходзіў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам
у дэпутаты мясцовага Савету Барыса Кучынскага, адначасна сябры слонімскай
суполкі БХД раздавалі мінакам інфармацыйныя бюлетэні “За сямейныя каштоўнасці”,
у якіх паведамлялася, што БХД імкнецца стварыць палітычнае асяроддзе, у якім
дабрабыт асобы і сям’і стаіць на першым месцы. Таксама падчас пікета сярод
слонімцаў збіраліся подпісы пад зваротам “Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму”
і пад заявай ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі
Беларусь па Магілёўскай вобласці аб правядзенні праверкі ўмоваў утрымання
палітзняволенага Яўгена Васьковіча.

 

У выбарчай камісіі Кучынскі і яго прадстаўнік Іван Бедка
патлумачылі, што ў матэрыялах за сямейныя каштоўнасці няма ніякай агітацыі за
кандыдата. Нягледзячы на тлумачэнні, член камісіі Генадзь Назарэнка даказваў,
што быў не пікет, а мітынг, і настойваў на больш суровым пакаранні, чым
папярэджанне. Старшыня камісіі Алена Мачаліна зачытала членам камісіі пункт 13
Пастановы цэнтральнай камісіі №27 ад 17 снежня, на падставе якога камісія
аднагалосна абвесціла папярэджанне за нібыта незаконны распаўсюд інфармацыйных
матэрыялаў.

Болей навін