У Беларусі рыхтуецца стратэгія стымулявання нараджальнасці

10 кастрычніка 2009 10:57  |  Грамадства

У Беларусі распрацоўваецца стратэгія стымулявання нараджальнасці. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Шаметавец.

Ужо сабрана інфармацыя аб мерах стымулявання нараджальнасці ў замежных краінах у мэтах адаптацыі найлепшага вопыту ў нашай рэспубліцы. Гэта работа праводзіцца ў адпаведнасці з Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Беларусі на 2007-2010 гады.

“У краінах свету нямала цікавых падыходаў да рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі падтрымкі сем’яў з дзецьмі, – сказала спецыяліст. – Адна з найбольш перспектыўных для Беларусі – прывязка памеру дзіцячай дапамогі не да БПМ, як цяпер, а да сярэдняй заработнай платы”.

Што датычыцца перспектывы ўвядзення ў Беларусі мацярынскага капіталу па аналогіі з Расіяй, то Таццяна Шаметавец наконт гэтага адзначыла, што адносна гэтага “няма канкрэтыкі”. Пакуль вывучаецца расійскі механізм аказання такой падтрымкі сем’ям з дзецьмі.

 У Беларусі з 2004 года назіраецца рост нараджальнасці. Гэта абумоўлена павелічэннем мер дзяржпадтрымкі сем’яў пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, у вырашэнні жыллёвай праблемы, а таксама ў цэлым стабільнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у краіне. Сваю ролю адыграла і спрыяльная палавая і ўзроставая структура насельніцтва. Так, у дзетародны ўзрост ўступіла шматлікае пакаленне бэбі-буму 80-х гадоў мінулага стагоддзя (амаль 80 працэнтаў нараджэнняў дзяцей прыпадае на жанчын ва ўзросце 20-29 гадоў). Але з 2011 года пачнецца дэмаграфічна абумоўленае зніжэнне колькасці патэнцыяльных маці менавіта гэтай узроставай кагорты.

Дарэчы, у бягучым годзе тэндэнцыя росту нараджальнасці захоўваецца, хоць тэмпы ўжо крыху запаволіліся.

 На думку Таццяны Шаметавец, у Беларусі неабходна ўводзіць больш стымулаў для сем’яў пры нараджэнні другога дзіцяці. Першы крок у гэтым напрамку ўжо зроблены: павялічаны памер аднаразовай дапамогі пры нараджэнні другога дзіцяці.

Болей навін