У Мінску пройдзе "Калядны фэст"

22.12.2014, 17:24  |  Навіны » Грамадства

25 снежня - вялікае свята ў каталікоў і не толькі: хрысціянская супольнасць ва ўсім свеце адзначае Божае Нараджэнне. У гэты дзень у клубе Re:Public традыцыйна ладзяць "Калядны фэст" з удзелам беларускіх гуртоў, з сярэднявечнымі танцамі і конкурсамі.

 

 

 

«Калядны фэст» - гэта не толькі своеасаблівая справаздача за год аб развіцці сярэднявечнай і фольк-музыкі ў нашай краіне, але і спроба паказаць сувязь сучаснасці з мінулым.

Каляды – свята сямейнае, але дадаткова яго можна адзначыць і ў коле сяброў – з гучнымі песнямі і народнымі танцамі.

Калі хочацца сапраўднай жывой энергетыкі, паслухаць жывую музыку, атрымаць шмат станоўчых эмоцый і падарункаў чакаем вас 25 снежня, на свята Божага нараджэння ў клубе Re:public.

На фестывалі традыцыйна граюць лепшыя гурты сярэднявечнага іфальклорнага накірунку, дзякуючы чаму мерапрыемства вельмі арганічна упісваецца ў кантэкст старажытнага абрадавага свята.

Шмат сюрпрызаў чакае ў гэты вечар гасцей фестывалю.

Гурт Стары Ольса парадуе гарачымі танцамі, таксама можна будзе пачуць самыя танцавальныя кампазіцыі з новага альбома і хіты мінулых гадоў. Зусім нядаўна адбылася прэзентацыя новага альбома гурта "Santa Maria”.

Нязменны вядучы фэсту, легендарны музыка - Зміцер Сасноўскі, лідар гурта "Стары Ольса”.

Усім, хто прыйдзе ў святочных, народных або карнавальных касцюмах - у падарунак кампакт-дыск з беларускай музыкай ад арганізатараў.

Хэдлайнерам фэста будзе гурт СТАРЫ ОЛЬСА, аўтар сапраўднага гімна Божай Маці - Авэ Марыя, з альбома Santa Maria.

 

Песня "Ave Maria" ("Cuncti simus concanentes") з новага альбома. Музыка і словы з рукапісу 14 стагоддзя *«Llibre Vermell de Montserrat» (у перакладзе з каталанскага "Чырвоная кніга кляштара Мансэрат").


Згодна з каментарам укладальніка рукапісу гэтую песню можна выконваць паломнікам, якія спыніліся ў манастыры і маюць жаданне спяваць і танчыць. Пераклад Змітра Сасноўскага.

 

Распавядае Марыя Шарый (гурт "Стары Ольса")

Для большасці нашых людзей усё ж такі галоўным святам з’яўляецца Новы год, а не Каляды. Таму хацелася б больш імпрэзаў, гулянняў, размоваў на калядныя тэмы, больш лікбезаў!

Самае простае - запытаць у сябе самога: "А што такое Каляды?", - зрабіць калядную зорачку з трох саломінак і чырвоных нітак і падараваць незнаёмцу. А далей па ланцужку.

З 2007 года мы святкуем Каляды ў межах "Каляднага фэсту". Для нашага гурта гэта ўжо стала традыцыяй. "Без "Ольсаў" Каляды не Каляды", - лічыць арганізатар Віталь Супрановіч.

Вельмі добра, што ўвесь тыдзень прысвечаны гэтаму цудоўнаму святу, а не толькі 25 снежня, таму часам атрымліваецца калядаваць разам з сябрамі на хутары лідара гурта Змітра Сасноўскага. Заўсёды застаюцца незабыўныя ўражанні ад самога працэсу і шчырай радасці вяскоўцаў!

 

Арганізатар фэсту Віталь Супрановіч распавядае:

- Я каталік, святкую заўсёды Божае нараджэнне 25 снежня, 24 снежня мы ходзім на імшу, зранку ідзем на святочную імшу і ўжо потым мая праца як арганізатара сумяшчаецца са святкаваннем Божага нараджэння. Вельмі прыемна, што многіх прыхаджанаў маёй парафіі Яна Хрысціцеля ў Серабранцы я сустракаю на канцэртах, якія я аргнізоўваю, як напрыклад Віктара Шалкевіча, Змітра Вайцюшкевіча, ну і натуральна на КАЛЯДНЫМ ФЭСЦЕ.

Навіны па тэме