Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. ПРАВАСУДДЗЕ

26 мая 2015 23:34  |  Грамадства

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на [email protected].
 

8. ПРАВАСУДДЗЕ

8.1. Судова-прававая сістэма

 

8.1.1. Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным стварэнне ў Беларусі
судова-прававой сістэмы, якая ў стане забяспечыць функцыянаванне прававой
дзяржавы. Гэта прадугледжвае замацаванне
самастойнасці і незалежнасці судовай улады як асноўнага гаранта правоў і свабод
грамадзян. У беларускім заканадаўстве ў адпаведнасці з каштоўнасцямі
хрысціянскай дэмакратыі павінны быць зацверджаны дэмакратычныя прынцыпы
дзейнасці, арганізацыі і самаарганізацыі праваахоўных органаў, якія адпавядаюць
агульнапрызнаным нормам міжнароднага права.

 

8.1.2. Аднаўленчае правасуддзе. Замест карнага
характару правасуддзя, уласцівага Царскай Расеі і Савецкаму Саюзу, БХД мае
збудаваць у Беларусі сістэму аднаўленчага правасуддзя. Галоўнай мэтай дзяржавы
мусіць стаць не пакаранне злачынцы, а аднаўленне справядлівасці і ладу –
кампенсацыя ўрону, пакаянне зламысніка і прымірэнне бакоў. Галоўнай асобай у
працэсе аднаўленчага правасуддзя мусіць стаць не злачынца, а пацярпелы (зараз –
асоба бяспраўная і другасная).

 

8.1.3. Судова-прававая рэформа павінна
прадугледжваць комплекс мер па заканадаўчаму забеспячэнню і арганізацыйнаму
пераўтварэнню дзейнасці ўсёй сістэмы юстыцыі Беларусі, якую неабходна разумець
як сукупнасць усіх праваахоўных органаў ад паліцыі да ўстаноў натарыята і
судоў.

8.2. Судовая
ўлада

 

8.2.1. БХД лічыць
неабходным зрабіць суд галоўным органам у сістэме праваахоўных органаў. Гэта
патрабуе змены статуса суда, пераўтварэння яго ў самастойны і незалежны орган
улады з удакладненнем яго прызначэння як арбітра ў спрэчках бакоў і як абаронцу
правоў грамадзяніна. Суд павінен знаходзіцца па-за межамі ўплыву прыватных
інтарэсаў і быць па-за палітычнай барацьбой. Спроба падкупіць суд або спроба
суддзі вырашыць справу праз хабар будзе прыраўнаваная да цяжкага злачынства.

 

8.2.2. Судовая рэформа
павінна карэнным чынам змяніць прававы статус суддзяў, замацаваць іх
незалежнасць, забяспечыць незмяняльнасць і недатыкальнасць, прыстойнае
матэрыяльна-бытавое і сацыяльнае становішча. Гарантыі судзейскай незалежнасці
ад выканаўчай улады, мясцовых, палітычных і іншых уплываў забяспечваюцца праз
новы парадак фармавання судзейскага корпуса.

8.3. Суды агульнай юрысдыкцыі

 

8.3.1. БХД
лічыць неабходным стварыць чатырохузроўневую сістэму агульных судоў. Гэта
забяспечыць неабходную дэцэнтралізацыю і незалежнасць судовай сістэмы ад
выканаўчых органаў, мясцовых самакіраванняў, прыватных і іншых уплываў.

 

8.3.2. Першым звяном сістэмы агульных судоў
павінен стаць міравы суддзя, у кампетэнцыі якога знаходзіцца разгляд
малазначных грамадзянскіх спраў, асобных катэгорыяў крымінальных спраў і спраў
аб адміністрацыйных правапарушэннях. Міравы суддзя абіраецца насельніцтвам
адпаведнай муніцыпальнай/валасной адзінкі тэрмінам на 5 гадоў.

 

8.3.3. Асноўным
звяном судовай сістэмы з’яўляецца акружны суд, у кампетэнцыі якога – разгляд
крымінальных і грамадзянскіх спраў. Акружны суд дзейнічае на міжмуніцыпальным
узроўні. Суддзі акружнога суда абіраюцца насельніцтвам адпаведных
адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на 10 гадоў.

 

8.3.4. Праверачнай
інстанцыяй і судом першай інстанцыі па асабліва цяжкіх злачынствах з’яўляецца
павятовы (Мінскі акружны) суд.

 

8.3.5. На
ўзроўні акружных і павятовых судоў мэтазгодна ўвядзенне інстытуту прысяжных для
разгляду складаных крымінальных спраў.

 

8.3.6. Ваенныя суды ўваходзяць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі
і дзейнічаюць ва Ўзброеных Сілах.

 

8.3.7. Вышэйшай судовай
інстанцыяй з’яўляецца Вярхоўны Суд. Ён правярае судовыя пастановы ў парадку
нагляду. Суддзі Вярхоўнага Суда абіраюцца на
бестэрміновай аснове Сенатам па прапанове Прэзідэнта.

 

8.3.8. Пры вылучэнні суддзяў на кіруючыя пасады або ў суды больш высокай інстанцыі
неабходна ўлічваць рэкамендацыі судовай супольнасці.

 

8.4. Канстытуцыйны Суд

 

8.4.1. Канстытуцыйны суд ажыццяўляе
нагляд за адпаведнасцю законаў і іншых нарматыўных актаў Канстытуцыі і
міжнародна-прававым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь. Прыняцце
Канстытуцыйным Судом заключэння аб неадпаведнасці закона, міжнароднай дамовы
або іншага абавязальніцтва, указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыі або міжнародна-прававым
пактам, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, прыпыняе іх дзеянне, а праз два
месяцы, ў выпадку іх неперагляду Парламентам або Прэзідэнтам, спыняе іх дзеянне
на тэрыторыі краіны.

 

8.4.2. Суддзі Канстытуцыйнага Суда прызначаюцца на пасаду Сенатам
тэрмінам на 12 гадоў для забеспячэння незалежнасці іх працы ад
палітычных зменаў у краіне. Старшыня Канстытуцыйнага Суда абіраецца таемным
галасаваннем суддзяў Канстытуцыйнага Суда.

 

8.4.3. Правам звароту ў Канстытуцыйны
Суд надзяляюцца суб’екты, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы, а
таксама іншыя суды Рэспублікі Беларусь.

 

8.4.4.
Месцам пастаяннага знаходжання Канстытуцыйнага Суда з’яўляецца горад Наваградак.

 

8.5. Гаспадарчыя суды

 

8.5.1. Гаспадарчыя суды вырашаюць усе спрэчкі ў галіне эканамічных адносін
паміж усімі ўдзельнікамі гаспадарчай дзейнасці ў незалежнасці ад форм
уласнасці. У аснове юрысдыкцыі гэтых судоў знаходзіцца прынцып абароны правоў і
законных інтарэсаў усіх суб’ектаў гаспадарання.

 

8.5.2. Вышэйшы Гаспадарчы Суд з’яўляецца вышэйшым органам судовай улады ў
сферы эканамічных адносін. Ён ажыццяўляе кіраўніцтва і арганізуе працу ўсёй
сістэмы гаспадарчых судоў.

 

8.5.3. БХД выступае за ўмацаванне самастойнасці і незалежнасці Вышэйшага
Гаспадарчага Суда і ніжэйстаячых гаспадарчых судоў ад органаў дзяржаўнага
кіравання і іншых удзельнікаў эканамічных адносін, што грунтуецца на
павелічэнні ролі судовай улады ў краіне.

8.6. Спецыялізаваныя суды

 

8.6.1. БХД лічыць неабходным стварыць у
краіне адміністрацыйныя суды, а ў перспектыве і іншыя спецыялізаваныя суды –
сямейныя, падаткавыя, ліцэнзійна-патэнтавыя і інш.

 

8.6.2. Сістэма адміністрацыйных судоў
складаецца з Вышэйшага Адміністрацыйнага Суда і акружных адміністрацыйных
судоў, якія дзейнічаюць на міжпавятовым узроўні. Адміністрацыйныя суды
разглядаюць скаргі грамадзян на рашэнні, дзеянне (бяздзеянне) органаў кіравання
і самакіравання, адміністрацыі і чыноўнікаў.

 

8.6.3. Стварэнне судоў для
непаўнагадовых запатрабавана з-за неабходнасці асаблівай увагі да асобы
непаўнагадовага, высвятлення чыннікаў, якія сталі падставай для здзяйснення
правапарушэння, а таксама вызначэння асаблівых мер пакарання.

8.7. Судовае самакіраванне

 

8.7.1.
Для забеспячэння незалежнасці і самастойнасці судовай улады БХД лічыць
неабходным умацаванне судовага самакіравання і яго максімальнай незалежнасці ад
адміністрацыі. Гэта магчыма праз стварэнне
судзейскай карпарацыі.

 

8.7.2. Судзейская карпарацыя павінна валодаць шэрагам
кампетэнцыяў: прымаць удзел у прызначэнні кваліфікацыйных класаў суддзям,
абараняць інтарэсы суддзяў, пазбаўляць судовых паўнамоцтваў і даваць
заключэнні аб вызваленні суддзі з
пасады, прадстаўляць кандыдатуры на пасады старшыняў судоў і іх намеснікаў, а
таксама прадстаўляць суддзяў да прызначэння ганаровых званняў і ўзнагарод.

 

8.7.3. Кандыдаты ў кваліфікацыйныя калегіі павінны падбірацца за
кошт чальцоў, якія не звязаны паміж сабой адносінамі падпарадкавання.

 

8.8. У справе судовай рэформы БХД выступае за:

 

8.8.1. – сістэму
аднаўленчага правасуддзя як замену карнага савецкага;

 

8.8.2. – дэцэнтралізацыю
судовай сістэмы за кошт функцыянальнага падзелу форм судовай улады;

 

8.8.3. – максімальнае
набліжэнне суда да грамадзяніна, экстэрытарыяльнага характару асноўнага звяна
судовай сістэмы;

 

8.8.4. – сумяшчэнне
адзінаасабовага і калегіяльнага разгляду спраў;

 

 

8.8.5. – удзел
народа ў здзяйсненні правасуддзя ў якасці прысяжных;

 

8.8.6. – стварэнне
спецыялізаваных адміністрацыйных судоў;

 

8.8.7. – абранне
насельніцтвам міравога суддзі як ніжэйшага звяна сістэмы судоў агульнай
юрысдыкцыі, а таксама суддзяў акружнога ўзроўню;

 

8.8.8. – вызваленне судоў ад
неўласцівых ім функцыяў;

 

8.8.9. – памяншэнне памеру
дзяржаўнай мыты да ўзроўню, калі яна не з’яўляецца перашкодай для звароту ў
суды;

 

8.8.10.– забеспячэнне
роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці і гарантыі іх роўнай прававой
абароны.

8.9.
Праваахоўныя органы і юрыдычная дапамога

 

8.9.1. Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь
павінны пазбавіцца ад неўласцівых ім функцыяў, у тым ліку палітычнага вышуку.
Паўнамоцтвы праваахоўных органаў абмяжоўваюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь
і іншымі нарматыўна-прававымі актамі.

 

8.9.2. БХД лічыць неабходным перагледзець і дакладна акрэсліць
ролю Міністэрства юстыцыі ў судова-прававой сістэме.

 

8.9.3. Пракуратураз’яўляецца органам, які забяспечвае ад імя дзяржавы нагляд за дакладным i
аднолькавым выкананнем законаў на тэрыторыі рэспублікі. Функцыі і аб’ём
паўнамоцтваў пракуратуры павінны адпавядаць прыродзе пракурорскага нагляду.
Праз пракурорскі нагляд рэалізуюцца прынцыпы стрыманняў і супрацьваг у сістэме
юстыцыі. Варта вызваліць пракуратуру ад неўласцівых ёй функцыяў у галіне
нагляду за судом.

 

8.9.4. Вышэйшым органам фінансава-эканамічнага кантролю Рэспублікі
Беларусь з’яўляецца Кантрольная палатаРэспублікі Беларусь. Кантрольная палата ўтвараецца Парламентам Рэспублікі
Беларусь і падсправаздачная яму. Сойм абірае старшыню і палову аўдытараў, Сенат
абірае двух намеснікаў старшыні і другую палову аўдытараў тэрмінам на 4 гады.
Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь складаецца з калегіі і апарату.

 

8.9.5. Следчы камітэт павінен стаць адзіным
органам папярэдняга следства ў краіне. Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за
ўмацаванне незалежнасці і самастойнасці Следчага
камітэту, які павінен падпарадкоўвацца Міністэрству юстыцыі. Старшыня Следчага
камітэту пры пракуратуры прызначаецца і вызваляецца з пасады Сенатам па
прапанове Прэзідэнта.

 

8.9.6. Цэнтральным
органам крымінальна-выканаўчай сістэмы з’яўляецца Пенітэнцыярная служба Беларусі. Дзейнасць Пенітэнцыярнай службы
павінна накіроўвацца і каардынавацца Міністэрствам юстыцыі. Мы выступаем за
павелічэнне выкарыстання альтэрнатыўных мер пакарання замест зняволення ў
турмах і калоніях. Незалежныя назіральнікі павінны мець магчымасць кантролю за
ўтрыманнем асуджаных ва ўстановах зачыненага тыпу. Неабходным з’яўляецца
працяглая праграма адукацыі і павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў турмаў і
калоніяў.

 

8.9.7. БХД лічыць:
пазбаўленыя волі могуць быць толькі тыя, хто небяспечны для грамадства або
здзейснілі цяжкае злачынства. Савецкая сістэма турм і “зонаў” арыентаваная на
падаўленне, прыніжэнне і ламанне чалавека. Галоўнай задачай службы стане
рэальнае перавыхаванне асуджаных.

 

8.9.8. У прававой
дзяржаве адвакатура бачыцца
хрысціянскімі дэмакратамі як незалежная, прафесійная, самакіраваная і
грамадская арганізацыя. Разам з калегіямі адвакатаў прафесійнай праваабарончай
дзейнасцю могуць займацца іншыя аб’яднанні і асобы.

 

8.9.9. Карпаратыўнасць юрыстаў варта разглядаць як важкі фактар у
рэалізацыі прынцыпаў прававой дзяржавы і правядзенні судова-прававой рэформы. Грамадскія
аб’яднанні юрыстаў, якія маюць функцыі органаў самакіравання, павінны
ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да
юрыстаў, выдачы ліцэнзіяў на занятак прафесійнай юрыдычнай дзейнасцю,
прысваення квалiфiкацыйных класаў, чыноў, званняў, прадстаўлення да ўзнагарод і
ў іншых выпадках, калі неабходна адзнака маральных якасцяў юрыстаў.

 

8.9.10 Асновай самакіравання юрыстаў з’яўляецца
захаванне дэмакратычных працэдур абрання, дзейнасці і справаздачнасці кіруючых
і рабочых органаў, іх скіраванасць на падтрымку высокага прэстыжу і сацыяльнага
статусу юрыдычных прафесіяў.

8.10. У галіне
юрыспрудэнцыі
БХД
выступае за:

 

8.10.1. – развіццё прыватнай
адвакацкай дзейнасці і прыватнага натарыяту;

 

8.10.2. – забеспячэнне
незалежнасці Следчага камітэта ад Прэзідэнта і яго падпарадкаванне Міністэрству
юстыцыі;

 

8.10.3. – дэкрыміналізацыю шэрагу
злачынстваў, якія тычацца ў першую чаргу эканамічных правапарушэнняў;

 

8.10.4. – перадачу органам
Мінюста ўсіх паўнамоцтваў па арганізацыі выканання судовых рашэнняў, у тым ліку
стварэнне судовай паліцыі (прыставаў) пры Мінюсце, якая займалася б прымусовым
выкананнем судовых рашэнняў і іншых выканаўчых дакументаў, наглядам за асобамі,
якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі, аховай судоў, судовых
работнікаў і ўдзельнікаў працэсу падчас яго правядзення;

 

8.10.5. – перадачу
Мінюсту кіраўніцтва выканаўча-папраўчымі ўстановамі (акрамя іх аховы),
падрыхтоўку кадраў для гэтых устаноў, распрацоўку і рэалізацыю мер па
рэсацыялізацыі асуджаных;

 

8.10.6. – аб’яднанне пад
кіраўніцтвам Мінюста экспертна-крыміналістычных падраздзяленняў, якія
знаходзяцца ў падпарадкаванні розных праваахоўных ведамстваў;

 

8.10.7. – перадачу ў юрысдыкцыю Мінюста служб
пашпартызацыі, рэгістрацыі, выдачу ліцэнзіяў на права заняцця прафесійнай
юрыдычнай дзейнасцю;

 

8.10.8.–карэнную рэформу пенітэнцыярных устаноў і забеспячэнне асуджаным нармальных
умоў адбывання пакарання, якія дазволяць захоўваць годнасць асобы.

8.11. Знішчэнне
карупцыі

 

8.11.1. Карупцыя – надзвычай разбуральны вынік
гаспадарання каммуністычнай сістэмы і рэжыму Лукашэнка. Практычна ўсе сілай
чынавенства паражаныя крадзяжом як нормай. БХД дасць 3 месяцы для прылюднага
пакаяння, вяртання скрадзеных сродкаў і кампенсацыі урону, нанесенага дзяржаве
карумпнаванымі чыноўнікамі. Тыя, хто зробіць гэта добраахвотна, будуць
амніставаныя. У дачыненні да астатніх падазраваных на працягу 6 месяцаў будзе
прадпрынятае следства, і пры доказах віны такім чыноўнікам адначасова з
канфіскацыяй маёмасці будзе пажыццёва забаронена займаць дзяржаўныя пасады.
Грошы, вернутыя ў бюджэт пасля хуткага і рашучага разбору карупцыі, будуць
забеспячэннем для праграмы празрыстых і сумленных рэформаў.

 

8.11.2.
Дзеля змагання з карупцыяй БХД ініцыюе распрацоўку так званага “Закона
Лінкальна”, аналагі якога дзейнічаюць ва ўсіх развітых краінах: грамадзяне,
якія праявілі судовую ініцыятыву і даказалі факт крадзяжу ў дзяржавы, маюць
права на 25% ад вернутай ў бюджэт сумы. Сусветны досвед паказвае выключную
эфектыўнасць гэтага заканадаўства.

 

8.11.3.
БХД – за ўвядзенне ў Беларусі інстытута прыватнага сыску.

Болей навін