Дзяніс Садоўскі акрэдытаваны назіральнікам пры Цэнтрвыбаркаме

04 жніўня 2015 16:09  |  Галоўныя навіны

Дзяніс Садоўскі акрэдытаваны назіральнікам пры Цэнтрвыбаркаме

Такім чынам кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2015” будзе напрамую назіраць за працай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Пра сваю паспяховую акрэдытацыю адзін з каардынатарў кампаніі “Права выбару-2015”, адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў сёння, 4 жніўня.

Акрамя Садоўскага Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў назіральнікаў ад ГА “Беларускі Хельсенкскі камітэт” Дзмітрыя Чарных, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Эдуарда Нарышкіна, “Белай Русі” Сяргея Пігарава, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандра Еўдакімчыка, Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрыя Кучука, Камуністычнай партыі Беларусі Георгія Атаманава, Ліберальна-дэмакратычнай партыі Леаніда Бабічава.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам вылучаць сваіх назіральнікаў для акрэдытацыі пры ЦВК могуць усе афіцыйна зарэгістраваныя ў краіне палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2015”

Болей навін