Пенсіянеры вераць, што да іх думкі прыслухаюцца

17 верасня 2015 12:17  |  Грамадства

Пенсіянеры вераць, што да іх думкі прыслухаюцца

Як мы паведамлялі, пенсіянерам адмоўлена ў вяртанні льготнага праезду. З адказу Міністэрства сацыяльнай абароны вынікае, што іх (пенсіянераў) у краіне занадта многа і забеспячэнне льготнага праезду ў гарадах запатрабуе вялікіх сродкаў.

Паралельна са зборам подпісаў ішло апытанне жыхароў Мінска, ім прапанавалі тры пытанні. Аказалася, што 70% апытаных часта карыстаюцца гарадскім транспартам і вераць у тое, што льгота на праезд будзе вернута.

“Было б здорава, каб мы за праезд плацілі меней, чым працуючыя. Часцей бы з унукамі сустракалася… Ездзіла б да сяброўкі, якая жыве на другім канцы горада… Мы так рэдка бачымся. Свякроў хварэе, таксама трэба часцей наведваць… У Батанічным садзе даўно не была. А так сто разоў падумаеш, як успомніш, колькі перасадак па дарозе”. (Святлана Ліцэвіч)

“Было б добра, калі да нашай думкі прыслухаліся. Мая дачка жыве ў Эстоніі. Эстонскае пасольства прадастаўляе беларускім пенсіянерам бясплатныя візы. Усе пенсіянеры Таллінна карыстаюцца гарадскім траспартам бясплатна”. (Зінаіда Варапаева)

“Так, я веру і спадзяюся, што наша дзяржава ўспомніць пра нас, мы 40 год адпрацавалі на гэту краіну. Была ў сястры, што жыве ў Расіі, дык там усе музеі наведвала па льготнай цане”. (Любоў Хоміч)

30% апытаных зусім не ведалі, што калісь пажылыя грамадзяне былі больш абароненымі ў сацыяльным плане. “Мабыць, гэта тыя, што не так даўно аформілі пенсіі”, – лічыць лідар пенсіянерскай ініцыятывы БХД Наталля Маразевіч. – А ўвогуле нашы людзі – вялікія аптымісты!”

Болей навін