Таццяна Севярынец атрымала адказ на калектыўны зварот па пытанні смеццесартавальнага завода

13 снежня 2017 15:45  |  Грамадства

 

Каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на Віцебшчыне Таццяна Севярынец атрымала адказ на калектыўны зварот у Віцебскі аблвыканкам па пытанні будаўніцтва смеццесартавальнага завода. Адказ падпісаны кіраўніком упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Ю.А.Дзядзёлам.

Нагадаем, што ля самага Віцебску, ля вёскі і новага мікрараёна Білева, і недалёка ад пасёлка Тулава знаходзіцца велічэзная смеццевая гара-хрыбет. Сюды адходы з гораду возяць з 1972 года. Тры гады таму жыхары сабралі каля 1000 подпісаў за пабудову смецеперапрацоўчага заводу. Улады знайшлі пляцоўку ля Копцяў-Касачоў, амаль што падрыхтавалі яе. У снежні 2014 года планавалі закансерваваць смеццевы палігон ля Віцебску і пачаць звозіць смецце на новую пляцоўку. Але нічога не зрабілі. Як згружалі смецце ля Віцебску, так і згружаюць. І гара становіцца ўсё вышэй і даўжэй.

На сённяшні ж дзень мясцовыя ўлады маюць ужо новы план: пабудаваць смеццесартавальны завод. І не ў 30-кіламетровай зоне ад гораду, а ўсяго толькі крыху больш за кіламетр. Некаторыя прыватныя дамы з пасёлкаў Білева і Тулава знаходзяцца яшчэ бліжэй – на адлегласці ўсяго толькі 800 метраў. Згодна з перадпраектнай дакументацыяй, смеццесартавальны завод будзе пабудаваны на адлегласці 1,5 км ад гораду на пляцоўцы каля дзейснага палігону цвёрдых камунальных адкідаў. Меркаваная прадукцыйнасць – 100 тыс. тонаў смецця ў год з выбіраннем другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Тут плануецца наладзіць перапрацоўку ПЭТ-пляшак і пластмасы, а таксама вытворчасць альтэрнатыўнага паліва праз прасаванне астатняй масы. Пачатак будаўніцтва прызначаны на 2018 год. Завод плануюць узвесці за 25 месяцаў.

Інтарэсы жыхароў ніхто не ўлічвае

Жыхары Білева і Тулава напісалі калектыўны зварот у аблвыканкам, Віцебскі райвыканкам, ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. У сваім лісце да ўладаў віцябляне сцвярджаюць, што нават назва заводу не адпавядае меркаванай дзейнасці. Бо прадпрыемства, на якім, апроч сартавання, будзе ладзіцца перапрацоўка, ніяк не можа называцца «смеццесартавальным».

Менавіта з гэтага, мяркуюць грамадзяне, вынікае і няправільнае вызначэнне ў дакументацыі межаў санітарна-ахоўнай зоны, якая, паводле заканадаўства, павінна складаць тысячу метраў. А «да бліжэйшага населенага пункту Агароднікі і жылой забудовы па вуліцах Магістральная, Ручаёвая, Фестывальная ў Віцебску – 800 метраў».

У звароце сказана: «Узровень азелянення і добраўпарадкавання санітарна-ахоўнай зоны палігону не адпавядае патрабаванням санітарных нормаў і правілаў. Згодна са справаздачай па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, зона ўздзеяння заводу складае 1240 метраў, што перавышае санітарна-ахоўную зону і адлегласць да бліжэйшай забудовы».

Прыводзім тэкст адказу:      

“Дзеючы палігон цвёрдых камунальных адходаў (далей – ЦКО) для г.Віцебска, размешчаны ў раёне н.п.Агароднікі Віцебскага раёна, згодна з праектам, асвойваецца ў тры чаргі. Запаўненне карт 1-ай чаргі завершана. У цяперашні час палігон ЦКО размешчваецца на адной з карт 2-ой чаргі будаўніцтва. Праектны тэрмін эксплуатацыі карт палігона 2-ой і 3-яй чэргаў будаўніцтва складае каля 10 гадоў. Такім чынам, пры ступені запаўнення эксплуатаваных карт на дадзены момант каля 20 адсоткаў, тэрмін эксплуатацыі палігона складзе не менш за 8 гадоў.  З улікам ўкладзеных матэрыяльных сродкаў на праектаванне і будаўніцтва палігона, а таксама вельмі абмежаваных магчымасцей бюджэту для будаўніцтва новага палігона ЦКО, дзеючы палігон не можа быць зачынены да поўнага запаўнення яго ёмістасці. 

Тэрытарыяльнымі органамі Мінінестэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ажыццяўляецца сістэматычны кантроль за выкананнем правілаў эксплуатацыі палігонаў ЦКО. Так, у 2017 годзе Віцебскай гарадской інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праведзена 76 абследаванняў палігона г.Віцебска. Па выніках абследаванняў эксплуатуючай арганізацыі выдадзены рэкамендацыі і прадпісанні на ліквідаванне выяўленых парушэнняў. 

На палігоне ЦКО г.Віцебска арганізаваны ўлік паступаючых адходаў, праводзіцца маніторынг глебы, падземных вод. Кампаніяй Vireo Energy (Швецыя) ўстаноўлена абсталяванне па выманні біягазу (звалачнага газу), што дазваляе значна знізіць аб’ёмы парніковых газаў, якія паступаюць у атмасфернае паветра. 

У мэтах забеспячэння максімальнага здабывання і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, а таксама мінімізацыі адходаў, якія накіроўваюцца для пахавання на палігон ЦКО г.Віцебска, у 2016 годзе пачата распрацоўка прадпраектнай (предінвестыцыйнай) дакументацыі для будаўніцтва смеццесартавальнага завода для г.Віцебска. 

Заказчыкам па аб’екце выступае дзяржаўнае прадпрыемства “УКБ горада Віцебска”, праектная арганізацыя – УП “Белкамунпраект”, г.Мінск. 

Пляцоўка для праектаванага завода вызначана з улікам эканамічнай мэтазгоднасці, а таксама экалагічных і санітарных рэгламентаў.

Пляцоўка размешчана за 1,5 км на ўсход ад горада Віцебска і прымыкае з поўдня да тэрыторыі дзеючага палігона ЦКО. 

Абранае месца размяшчэння праектаванага завода адпавядае санітарным нормам і правілам “Патрабаванні да арганізацыі санітарна-ахоўных зон прадпрыемстваў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі ўздзеяння на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе”, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2014 г. № 35.

Згодна з выніках разліку рассейвання выкідаў забруджвальных рэчываў, чаканае забруджванне атмасферы ніжэй гранічна дапушчальных максімальна-разавых канцэнтрацый для ўсяго пэрачня забруджвальных рэчываў, якія змяшчаюцца ў выкідах праектаванага аб’екта. 

Ва ўстаноўленым парадку праведзена працэдура грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб’екце “Смеццесартавальны завод для г. Віцебска”.

 

З улікам вынікаў правядзення грамадскага абмеркавання справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе дакументацыя па аб’екце “Смеццесартавальны завод для г. Віцебска” ва ўстаноўленым парадку накіравана для праходжання дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, задачай правядзення якой з’яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці дакументацыі планаваных праектных і іншых рашэнняў патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстаннi прыродных рэсурсаў”.

Болей навін