Папа да хрысціянскіх дэмакратаў: грамадскае развіццё не можа існаваць без палітыкі ў падтрымку сям’і

27.09.2012, 11:50  |  Навіны » Свет

22 верасня 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся ў Кастэль Гандольфа з міжнароднай групай хрысціянскіх дэмакратаў. Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што нават у час складанай эканамічнай сітуацыі хрысціянін пакліканы да таго, каб дзейнічаць і казаць у прароцкім духу — значыць адчытваючы ў падзеях таямнічую прысутнасць Бога і з даверам прымаючы на сябе адказнасць.

 

Звяртаючыся да 120 палітыкаў з усяго свету, Пантыфік падкрэсліў, што перажыванне сённяшняга крызісу нельга абмяжоўваць толькі дзеяннямі ў сферы рынку, але неабходна таксама ўвага да супольнага дабра і годнасці асобы. Безумоўна, дадаў Папа, гэтаму не спрыяюць сучасныя тэндэнцыі даваць паспешлівыя і павярхоўныя адказы на глыбокія патрэбы чалавека, бо гаворка ідзе пра найбольш далікатныя справы, звязаныя з чалавечай натурай, якая мае трансцэндэнтны знак Стварыцеля.

 

«Павага да жыцця ва ўсіх яго стадыях, ад зачацця да натуральнай смерці, і вынікаючае адсюль адвяржэнне абортаў, эўтаназіі (…) з’яўляецца задачай, якая пераплятаецца з іншай — што датычыць павагі да сужэнства як непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны», — сказаў Святы Айцец. Па словах Папы, «у сям’і, заснаванай на сужэнстве і адкрытай на жыццё, чалавек вучыцца падтрымцы, павазе і дарэнню любові», і сям’я з’яўляецца «фундаментальным і найбольш выразным выхаваўчым асяродкам».

 

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу таксама на тое, што сапраўднае грамадскае развіццё не можа існаваць без палітыкі ў падтрымку сям’і — як у нацыянальным, так і ў міжнародным маштабе. Таму важнай з’яўляецца роля хрысціянскіх палітыкаў, якія павінны ўмець «даць наступным пакаленням матывы жыцця і надзеі».

Крыніца: Catholic.by

Навіны па тэме