Менскія камунальшчыкі раптам заўважылі зіму пасярод снежня

23.12.2013, 00:15  |  Рада Народных Дэпутатаў, Грамадства

У адказ на калектыўны зварот у ЖРЭА Кастрычніцкага раёна Менска ад 18 снежня паведамілі, што рамонт асфальту ў двары па вуліцы Ленінградская немагчымы з прычыны наступлення зімы.

 

"У сувязі з надыходам зімовага перыяду выканаць рамонт асфальтабетоннага пакрыцця дваровага праезду не ўяўляецца магчымым. Рамонт асфальтабетоннага пакрыцця дваровага праезду плануецца выканаць у красавіку 2014 года", - гаворыцца ў адказе камунальшчыкаў.

 

"Цікава, што ў лісце ад 28 лістапада надыходу зімы ў ЖРЭА не чакалі і абяцалі выканаць рамонт да 16 снежня. Але, мяркуючы па ўсім, зіма і снег сталі для супрацоўнікаў ЖРЭА нечаканасцю", - адзначыў ініцыятар звароту ў межах кампаніі Рада Народных Дэпутатаў Максім Гацак.

 

Нагадаем, калектыўны зварот быў скіраваны ў ЖЭУ-92 быў скіраваны яшчэ ў верасні. У ім гаварылася, што ў жыхароў дому "выклікае занепакоенасць дарожнае пакрыццё , якое змяшчае мноства ям і западзін, з-за чаго падчас дажджоў і раставання снегу, частка двара ператвараецца ў непраходнае балота".

 

Таксама аўтары звароту адзначалі, што ў двары (вуліца Ленінградская - Міхайлаўскі сквер - вуліца Кірава - вуліца Бабруйская) знаходзяцца тры дзіцячыя пляцоўкі, на якіх рэгулярна спяць , п'юць і спраўляюць сваю патрэбу людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.У сувязі з гэтым пускаць на гэтыя пляцоўкі дзяцей, для якіх і прызначаны пляцоўкі, не ўяўляецца магчымым; да таго ж марнуюцца намаганні, час і сродкі гарадскіх уладаў і камунальных службаў па прывядзенні гэтых пляцовак у належны выгляд.Каб пазбегнуць гэтай праблемы, жыхары прапанавалі абгарадзіць адну з пляцовак высокай агароджай, якая зачыняецца на ноч, а дублікаты ключоў ад яе раздаць жыхарам двару, якія маюць непаўналетніх дзяцей.

 

Апроч таго, у звароце прапанавалася сумясціць размешчаныя па суседству два ўчасткі са смеццевымі кантэйнерамі ў адзін, паколькі адзін з іх, размешчаны пасярод двара і ля дзіцячай пляцоўкі, прыводзіць да антысанітарыі і псуе знешні выгляд тэрыторыі.

 

Аднак ЖЭУ-92 зваротне быў зарэгістраваны. "Высветліць прычыну адсутнасці рэгістрацыі звароту не прадастаўляецца магчымым, так як з аператарам ПЭВМ прыёмнай ГП ЖЭУ № 92 у цяперашні час скасаваны працоўны кантракт", - гаворыцца ў адказе ЖРЭА, куды пасля нерэагавання ЖЭУ-92 быў дасланы паўторны зварот.

 

Што тычыцца, прапаноў, якія агучылі жыхару дому па Ленінградскай 3, то ЖРЭА паабяцаў выканаць толькі адну з іх - бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця дваровага праезду, які планавалася выканаць да 16 снежня.

Навіны па тэме