Уладзімір Яроменак прыгавораны да трох месяцаў арышту
Пакуль Яроменак застаецца на волі, на працягу дзесяці дзён ён можа абскардзіць прыгавор.
Уладзімір Яроменак — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Быў прыгавораны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.
Апошні прыгавор Яроменак абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе, які накіраваў справу на новы разгляд назад, у суд Першамайскага раёна сталіцы. У выніку 20 сакавіка Першамайскі суд, далучыўшы да ранейшых двух фактаў парушэння нагляду яшчэ адзін, прыгаварыў Яроменка да 15 сутак арышту. 22 ліпеня Яроменка запрасілі ў Першамайскае РУУС Мінска, дзе азнаёмілі з матэрыяламі распачатай у дачыненні да яго справы на падставе артыкула 421 Крымінальнага кодэкса.
Падчас судовага пасяджэння 19 жніўня дзяржабвінаваўца заявіла, што лічыць віну Яроменка даказанай. Больш за тое, паводле яе слоў, дзеянні Яроменка, які не знаходзіўся па месцы жыхарства ва ўстаноўлены правіламі нагляду час, маюць абцяжваючыя абставіны, бо з яго не знятая судзімасць. У выніку дзяржабвінаваўца прапанавала пакараць Яроменка шасцю месяцамі арышту.
У сваю чаргу адвакат заявіла пра парушэнні пры распачынанні крымінальнай справы і пры правядзенні па ёй праверак. Яна таксама лічыць, што бок абвінавачання не высвятляў, па якіх прычынах — уважлівых ці не — Яроменак адсутнічаў па месцы жыхарства падчас праверак.
Выступаючы 20 жніўня з апошнім словам у судзе, Яроменак сябе вінаватым не прызнаў. “Я быў незаконна асуджаны ў 2011 годзе, затым вызвалены і гэтак жа незаконна за мной устанавілі прэвентыўны нагляд”, — сказаў ён.
Паводле слоў Яроменка, прэвентыўны нагляд за ім павінен быў скончыцца 15 верасня, пасля чаго ён збіраўся паехаць вучыцца.
“Замест гэтага мяне зноў судзяць, — сказаў ён. — І справа не ў тым, парушыў я ці не прэвентыўны нагляд. Большасць маіх сваякоў жывуць у Віцебскай вобласці. Калі мне трэба будзе паехаць да іх, я гэта зраблю, нягледзячы ні на які нагляд. Сям’я для мяне найвышэй за ўсё”.
Дзеянні ўлад у дачыненні да былога палітзняволенага праваабаронцы расцэньваюць як “палітычна матываваны націск”. Яны звяртаюць увагу на тое, што супраць яшчэ аднаго ўдзельніка падзей 19 снежня 2010 года, Васіля Парфянкова, таксама распачата крымінальная справа за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду. Такім чынам, лічаць праваабаронцы, улады спрабуюць спыніць іх грамадскую дзейнасць, а таксама запалохаць іншых актывістаў апазіцыі.